Прэзідэнт паставіў задачу зняць рознагалоссі з Расіяй у пагранічнай сферы

11 января 2018

Як вытрымаць канкурэнцыю на глабальным рынку міжнароднага турызму? Аптымальную сістэму ўезду іншаземцаў на тэрыторыю нашай краіны сёння абмяркоўвалі на нарадзе па лібералізацыі візавага рэжыму.

Турыстычная галіна ў Беларусі развіваецца вельмі дынамічна. Гэтаму паспрыялі заканадаўчыя ініцыятывы, што значна спрасцілі ўезд для грамадзян вялікай колькасці краін. У прыватнасці, бязвізавы ўезд на 10 дзён прадугледжаны для гасцей шэрагу паркаў, прыродных зон і цэлых прыгранічных раёнаў. Таксама турысты з 80-ці дзяржаў свабодна могуць прыляцець у Беларусь на 5 дзён праз Нацыянальны аэрапорт "Мінск". Летась гэтай магчымасцю скарысталіся амаль 80 тысяч чалавек.

У той жа час варта трымаць на кантролі і пытанні бяспекі. Пра гэта асобна нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Міграцыйная палітыка Еўрасаюза ўжо пачынае даваць сумны плён: адсутнасць рэальнага кантролю за перамяшчэннем бежанцаў прывяла да росту тэрарыстычнай пагрозы ў рэгіёне. Таму ўсе аспекты спрашчэння візавага рэжыму варта абмяркоўваць і з улікам сусветных фактараў, і з улікам меркавання партнёраў па Саюзнай дзяржаве.

З боку ўрада прагучалі канкрэтныя прапановы па лібералізацыі. Сярод іх - павялічыць тэрмін знаходжання іншаземцаў пры бязвізавым уездзе праз Нацыянальны аэрапорт да дзесяці сутак. Таксама абмяркоўваецца магчымасць месячнага бязвізавага знаходжання гасцей II Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Аналагічны падыход практыкавалі падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску, калі візай па сутнасці быў білет на спаборніцтвы.