Прэзідэнт паставіў палітычную задачу - правесці II Еўрапейскія гульні на найвышэйшым узроўні

15 апреля 2019

Да старту галоўнай спартыўнай падзеі гэтага года - II Еўрапейскіх гульняў - застаецца 67 дзён. Агульная гатовасць 95 працэнтаў, да ідэальнай сотні абяцаюць давесці за месяц. Пра гэта сёння далажылі Прэзідэнту на пасяджэнні выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта краіны. Кіраўнік дзяржавы паставіў палітычную задачу - правесці Гульні на найвышэйшым узроўні, бо на коне рэпутацыя Беларусі, а па медальных выніках выступіць не горш, як на I Гульнях у Баку. І тут ужо праверку праходзяць самі атлеты і беларускі спорт у цэлым. Гэта і наша ідэалогія. Бо нішто так не аб'ядноўвае краіну, як перамогі нашых спартсменаў, яны абмяркоўваюцца не толькі ў СМІ, а літаральна ў кожнай сям'і. За імі стаіць уся краіна, а значыць, выступаць на мяжы магчымасцяў - доўг кожнага атлета. Чаму ў вялікай падрыхтоўчай рабоце не можа быць дробязяў, на якія дысцыпліны робім стаўку і чаму спаборніцтвы на спартыўных арэнах сёння больш за спорт - Андрэй Крывашэеў прааналізаваў і сабраў меркаванні экспертнай супольнасці. 

Падрыхтоўка да II Еўрапейскіх гульняў у Беларусі выходзіць на фінішную прамую. 67 дзён да спартыўнага свята, але гатовасць нумар адзін - ужо да 15 мая. Такую дату паставіў сабе рэспубліканскі аргкамітэт. Так што, па сутнасці, сённяшні выканкам НАК з удзелам Прэзідэнта - гэта фінішны комплексны аналіз гатовасці аб'ектаў, федэрацый, трэнераў і атлетаў. Чаму так падрабязна і адкрыта, таксама зразумела. Гэта для нас балельшчыкаў галоўны вынік - эмоцыі, новыя трафеі і сувеніры ў сямейных музеях. А для краіны гэта і вялікая палітыка, і імідж дзяржавы, і інвестыцыі ў здароўе нацыі. Дробязяў тут, як і ў Музеі алімпійскай славы, няма і быць не можа. Кожны аб'ект - уклад у найноўшую гісторыю суверэннай краіны.

Дэ-юрэ педантычную падрыхтоўку да II Еўрапейскіх гульняў Беларусь вядзе з 22 кастрычніка 2016. Днём раней алімпійскія камітэты Еўропы выбралі Мінск сталіцай спартыўнага мегафоруму. Дэ-факта рыхтуемся ўсю сваю суверэнную гісторыю, павышаючы статус і павялічваючы размах дамашніх спаборніцтваў. Тут і спартыўныя мультыплексы-арэны, і лядовыя палацы, і перамогі сусветнага ўзроўню, і класны хакейны чэмпіянат, і масавыя народныя спорт і фізкультура. Усе інвестыцыі ў здароўе і інфраструктуру працуюць на імідж і давер да Беларусі. Бо Еўрапейскія гульні ў таемным табелі рангаў - апошняя прыступка перад гульнямі Алімпійскімі. Адгэтуль разбор палётаў менавіта ў НАК і палітычныя задачы, якія ставіць Кіраўнік дзяржавы. 

Адкрыццё Гульняў - 21 чэрвеня. На ўсіх афішах падкрэсліваецца: гэта мультыспартыўнае дзейства. 15 відаў спорту і 199 камплектаў медалёў. Восем відаў - гэта кваліфікацыя да Алімпіяды ў Токіа, добры шанц прабіцца на планетарны агляд сілы, спрыту і хуткасці. Яшчэ і таму канкурэнцыя будзе на мяжы чалавечых магчымасцяў. У дзюдо, боксе і бадмінтоне - высокі ранг чэмпіянатаў Еўропы. Значыць, нас будуць ацэньваць лепшымі стандартамі кантынента. І не толькі атлетаў - увесь арганізм сталіцы і Мінскага рэгіёна. Таму так важныя ўсе нюансы, ад сувязі - прамыя трансляцыі са стадыёнаў ужо традыцыя - да побыту гасцей і спартсменаў. Было ж у гісторыі замежных форумаў, што госці запаміналі краіну па кандыцыянерах, якія не працавалі, і дэфіцыце пітнай вады. 

На выканкаме НАК усе 15 спартыўных аб'ектаў разабралі скурпулёзна. Прэм'ер-міністр як кіраўнік аргкамітэта даў справаздачу па кожным. Праблемных пытанняў няма. Арэны правяраюцца тэставымі спаборніцтвамі. Ацэнкі экспертаў - высокія. Засталося завяршыць рамонт толькі на трох аб'ектах, гэта фінішныя 5 % работ, строга паводле плана. Дарэчы, Прэзідэнт паабяцаў асабістыя выязныя інспекцыі, каб нават спакусы схалтурыць  у будаўнікоў не ўзнікла. Важныя акцэнты ад Кіраўніка дзяржавы - ашчаднасць і максімальнае выкарыстанне айчынных матэрыялаў, інвентару, тэхналогій і прадукцыі, аж да прадуктаў харчавання. Гэта і рэклама на ўсю Еўропу, і магчымасць пакінуць грошы ў беларускай эканоміцы.

Прэм'ер засвядчае: з каштарысу не выходзім, там, дзе падвялі еўрапейскія партнёры,  кампенсуем нашай арганізацыяй. 

Сяргей Румас, Прэм'ер-міністр Беларусі: "Мы знаходзімся ў рамках першапачаткова зацверджанага каштарысу. Больш за тое, мы адчуваем, што па прыцягненні спонсараў у краіне гэты артыкул прыбытку перавыканаем. У апошні час сярод спонсараў з'явіліся арганізацыі прыватнай формы ўласнасці з Беларусі, якія зацікаўленыя ў рэкламе сваёй прадукцыі на Еўрапейскіх гульнях. На жаль, Еўрапейскія алімпійскія камітэты не справіліся са сваёй задачай і не змаглі прыцягнуць ні аднаго знешняга спонсара. Але мы кампенсуем гэта тымі знешнімі спонсарамі, якіх у тым ліку прыцягвае дырэкцыя Гульняў". 

Самы навочны вынік спаборніцтваў - медальны залік. У чэрвені ў Мінску будзе горача ва ўсіх сэнсах. Едуць гранды. Канкурэнцыя самая жорсткая. Выбілі з эліты - лічы, страціў пакаленне спартсменаў. Менавіта таму мэта мінскіх Гульняў - паўтарыць поспех Баку. 

Каб паўтарыць поспех, прыйдзецца здзейсніць невялікі подзвіг. Бо ў Азербайджане з п'едэсталаў забралі 43 медалі. З іх 10 найвышэйшай годнасці, 11 сярэбраных і 22 бронзавыя. У нефармальнай медальнай гонцы кантынента тады ўтульна размясціліся на 7-м агульнакамандным месцы. 

Ці можам паўтарыць? Залатое выступленне Генадзя Лапцева на чэмпіянаце Еўропы па цяжкай атлетыцы пераконвае, што можам. У агульным медальным заліку ў дваябор'і беларуская каманда заняла другое месца, саступіўшы першынство толькі вялізнай Расіі. І гэта не на мяжы гатовасці, упэўнівае галоўны трэнер. 

Віктар Шаршукоў, галоўны трэнер мужчынскай зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы: "Мы не ставілі задачу на Еўропе выступаць і кагосьці здзіўляць. Галоўная задача сёлета - гэта Фіджы да 20 гадоў і чэмпіянат свету ў Тайландзе. Вось там каманда павінна быць гатовая на 100 працэнтаў. Я рады, што ўсё атрымалася, што хлопцы не завагаліся ў гэтай, будзем так гаварыць, яшчэ гатовай на 90 працэнтаў".

З улікам малых узнагарод (у рыўку і штуршку) заваявана 19 медалёў! Цудоўны паўтор лепшага выніку зборнай Беларусі за ўсю гісторыю выступленняў на кантынентальных форумах.

На жаль, цяжкай атлетыкі на Еўрапейскіх гульнях у Мінску не будзе. Але дома робім стаўку на веславанне, веласіпедны спорт, скачкі на батуце і барацьбу: вольную, грэка-рымскую і самба. Умеем перамагаць, упэўнены Прэзідэнт, хоць роўнымі вынікамі за рэгулярныя ўклады вялікі спорт даўно дзяржаве і грамадству ўзаемнасцю не адказвае. 

Як ні балюча нагадваць шчырым балельшчыкам, але... У футболе нацыянальная дружына ў адборы да чэмпіянату Еўропы стартавала з правалу. Саступілі Нідэрландам і Паўночнай Ірландыі з агульным лікам 1:6. Выправіць будзе няпроста - наступная гульня на "Барысаў-Арэне" супраць нямецкага "Лакаматыва".

З асцярогай чакаем і чэмпіянат свету па хакеі. На жаль, у першым дывізіёне, куды зборная апусцілася па выніках планетарнага форуму ў Даніі. За дзве пуцёўкі ў эліту будзем змагацца з няўступлівымі Казахстанам, Славеніяй і Літвой. Плюс гатовыя паднесці сюрпрызы Венгрыя і Паўднёвая Карэя. Улічваючы праблемы на варатарскай пазіцыі і невыразную гульню ў выставачных матчах супраць расійскіх алімпійцаў, за вялікі лёд трывожна.

Так сама як і за біятлон. Мінулы сезон відавочна няўдалы. Пустымі вярнуліся з чэмпіянату свету, у агульным заліку Кубка планеты  наша лепшая Ірына Крыўко толькі на 15-й пазіцыі.

Мікалай Казека, галоўны трэнер зборнай Беларусі па фрыстайле:  "Апошнім часам менавіта спартыўныя баталіі  прымаюць такі від як бы ваенных дзеянняў, і мяняюцца ўсе дазволеныя і не дазволеныя метады вядзення гэтых спартыўных спаборніцтваў. Спартсмены, вядома, адстойваюць гонар сваёй краіны. І асноўнае прызначэнне спорту - вышэйшыя дасягненні, праслаўляць сваю краіну. Спорт ужо даўно стаў вялікай палітыкай, такой вялікай прывілеяй развітых цывілізаваных краін".

Галоўная радасць у зімовых відах - фрыстайл. Чатыры медалі (з іх два залатыя з юніёрскага чэмпіянату) - лепшы вынік за ўсю гісторыю. Плюс выйгралі Кубак нацый, а на этапах Кубка свету ўпершыню вызначылася Аляксандра Раманоўская і парадаваў стабільнасцю ветэран каманды лятаючых лыжнікаў Антон Кушнір. Сакрэт поспеху - высокая канкурэнцыя ў адборы і юніёры, якія трэніруюцца па-даросламу, як нацыянальная каманда. Чаму гэты вопыт не пашыраецца сіламі Алімпійскага камітэта? Прэзідэнт зважае на абыякавыя адносіны ў архітэктуры вялікага спорту. 

Нацыянальны алімпійскі камітэт сёння аб'ектыўна атрымаў узмацненне. Віктар Лукашэнка быў зацверджаны ў якасці выконваючага абавязкі першага віцэ-прэзідэнта НАК.

Пасада часовая, яе Віктар Лукашэнка будзе сумяшчаць з пасадай  памочніка Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы. Прыярытэтнымі напрамкамі ў яго новай працы стануць менавіта міжнароднае супрацоўніцтва і правядзенне буйных спартыўных форумаў у Беларусі, у тым ліку II Еўрапейскіх гульняў і лёгкаатлетычнага матча Еўропа - ЗША. Яго чакаем у верасні на сталічным "Дынама". 

Для памочніка Прэзідэнта пазіцыя ў НАК падобная на грамадскую нагрузку. Працаваць Віктар Лукашэнка будзе ва ўзаемадзеянні з віцэ-прэм'ерам, які курыруе спорт, і профільным міністрам. У Сяргея Кавальчука, дарэчы, сур'ёзныя віды на дамашнія арэны і тыя віды спорту, што ўжо стаяць у графіку дамашніх Еўрапейскіх гульняў. 

Сяргей Кавальчук, Міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь:  "У тых відах спорту, якія будуць прадстаўлены на маючым адбыцца ў чэрвені мультыспартыўным форуме, беларускія атлеты паказваюць высокія вынікі. Правялі аналіз. Магу сказаць, што ў 2017 годзе ў дзесяці відах спорту, якія будуць прадстаўлены на Гульнях, заваяваны на чэмпіянаце Еўропы 51 медаль, у 2018-м - 50. На II Еўрапейскія гульні беларускія атлеты ставяць амбіцыйныя мэты". 

Накіраваныя на медалі і лёгкаатлеты. Нягледзячы на тое што ў верасні пройдзе чэмпіянат свету ў Досе, дзе будуць разыгрывацца ліцэнзіі на Алімпіяду ў Токіа, у прыярытэце сёння менавіта Еўрапейскія гульні.

Вадзім Дзевятоўскі, старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі:  "Мы выступаем  дома, гэта вялізная магчымасць паказаць свае магчымасці перад беларускімі балельшчыкамі, а беларусы ўмеюць падтрымліваць. Успомнім ЧС і многія іншыя спаборніцтвы, калі выступаюць беларускія атлеты. Вядома, людзі прыходзяць у першую чаргу падтрымаць нашых спартсменаў. Ну а што да медалёў, мы, вядома, будзем змагацца за іх, у нас ёсць каму заваёўваць медалі. Па сезоне вельмі нядрэнна паказвалі сябе тыя спартсмены, якія будуць прадстаўляць віды лёгкай атлетыкі на стадыёне "Дынама". 

15 мая - апошні тэрмін гатоўнасці ўсіх спартыўных і не толькі аб'ектаў. Важная задача не паўтарыць сумны вопыт футбольнага Кіева і ўсяго чэмпіянату гульні нумар 1 у Расіі, калі плата за пражыванне ўзлятала ў дзясяткі разоў, адпужваючы балельшчыкаў і наносячы ўдар па рэпутацыі краіны і спорту. У Беларусі да пытання падышлі сістэмна - студэнцкая вёска, бронь у гасцініцах і рэзерв па вобласці для размяшчэння гасцей. Абяцаюць свята спорту, а не лютай камерцыі. 

Сяргей Румас, Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь: "Літаральна ўчора дырэкцыя Гульняў з усімі буйнымі гатэлямі і гасцініцамі падпісала пагадненне аб тым, што яны не будуць павышаць цэны на перыяд гэтага маштабнага спартыўнага спаборніцтва. Улады будуць сачыць за выкананнем гэтага пагаднення”.  

Пераацаніць будучыя Еўрапейскія гульні для іміджу суверэннай еўрапейскай краіны цяжка. Беларусь, вядома, пастараецца ўразіць гасцей традыцыйнай прыязнасцю і гасціннасцю. А для маладой дзяржавы маштабнае свята спорту будзе дадатковым стымулам да народнага адзінства. І гэта бясцэнна.