Прэзідэнт наведаў шэраг фермерскіх гаспадарак Магілёўскай вобласці

2 мая 2015

Прэзідэнт наведаў шэраг фермерскіх гаспадарак Магілёўскай вобласці, на прыкладзе якіх Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам вясенніх палявых работ. Пасля была сустрэча з фермерамі рэгіёна, каб зразумець, чым дыхаюць і чым жывуць земляробы, якія праблемы патрабуюць першачарговага вырашэння. Размова атрымалася цёплай і шчырай. Гаворка ішла як пра развіццё сельскай гаспадаркі ў цэлым, так і пра стан спраў у фермерстве, пра тое, якія крокі дзяржаве трэба зрабіць, каб прадпрымальнікі на зямлі атрымалі зялёнае святло. Уласна, сустрэча стала адным з крокаў падрыхтоўкі да вялікай нарады па пытаннях развіцця сельскай гаспадаркі, пра якую Прэзідэнт гаварыў падчас нядаўняга Паслання народу і Нацыянальнаму сходу. Падрабязнасці сённяшняй гутаркі ў Сяргея Шуманскага.

Сельская гаспадарка - аснова эканомікі многіх высакаразвітых краін. І Беларусь не выключэнне. Гэта сёння мы эфектыўная аграрная дзяржава, а яшчэ 20 гадоў таму сітуацыя была зваротнай. У 90-я гады пагалоўе скарачалася, пагаршалася матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў, сабранага ўраджаю ледзь хапала на корм жывёле. Тады маладому Прэзідэнту многія прапаноўвалі гаспадаркі ліквідаваць, а зямлю раздаць у прыватную ўласнасць, маўляў, гэта выратуе сітуацыю. Але Аляксандр Лукашэнка сам родам з вёскі і разумеў: сельская гаспадарка - стратэгічная галіна, якую нельга пускаць на самацёк. У выніку ў Беларусі і калгасы засталіся, і з'явіўся цэлы клас фермераў.

Дзяржава ўклала ў адраджэнне сяла вялізныя грошы. І стаўка на буйнатаварныя гаспадаркі згуляла - сёлета экспарт харчавання дасягне 7 мільярдаў долараў. Зямлю атрымалі вытворцы, а не ўсе, хто жадаў.

Фермерская гаспадарка Генрыха Мысліўца размешчаная прыкладна за 70 кіламетраў ад Гродна, у Мастоўскім раёне. На тэрыторыі амаль 500 гектараў ужо каля дваццаці гадоў вырошчваюць бульбу, буракі, цыбулю і капусту. Хаця калісьці тут не было ні складоў, ні сховішчаў. Усяго толькі ідэя, любоў да зямлі і два трактары. Сёння ж гэта не проста гаспадарка, а стабільны бізнес.

Зараз фермерскія гаспадаркі прыстасоўваюцца да супрацоўніцтва з буйнымі гандлёвымі сеткамі. Працэс гэты нельга назваць канфліктным, аднак спецыфіка тут асаблівая. Фермераў крыўдзіць той факт, што ў пагоні за большым прыбыткам айчынныя прадаўцы аддаюць пальму першынства імпартнай агародніне.

Да дзяржавы прэтэнзій няма. Хутчэй просьба - наладзіць стабільны попыт на прадукцыю. Прынамсі, гароднінную. Прайшоў час, калі можна было толькі сеяць, збіраць ураджай і прадаваць яго. Пашырэнне асартыменту павялічвае канкурэнтныя магчымасці.

Фермерскаму руху ў Беларусі трэці дзясятак гадоў. Сёння ў краіне амаль 3 тысячы фермераў. Гэтая статыстыка стабільная апошнія гадоў дзесяць. Адкрыць фермерскую гаспадарку каштуе даволі танна - дзяржаве прыйдзецца заплаціць усяго каля адной базавай велічыні.

Агульная плошча зямель у фермерскім сектары за перыяд з 1995 па 2013 гады павялічылася на 103 тысячы гектараў або амаль у 3 разы. Сёння на аднаго прыватніка прыпадае ў сярэднім каля 65 гектараў зямлі.

Уклад фермераў у сельскагаспадарчы ВУП невялікі, усяго 2%. Спецыялізацыя большасці - вытворчасць агародніны. Раслінаводствам займаюцца амаль 63% фермераў. Жывёлагадоўляй крыху больш за 16%. Несельскагаспадарчай дзейнасцю занятыя 12% фермераў. Рыбаводствам і змяшанай гаспадаркай займаюцца 4% прыватнікаў на сяле.

З кім пагаварыць пра тое, як развіваецца фермерства ў краіне, як не з самімі фермерамі. На тыдні падчас Паслання парламенту і народу Прэзідэнт праанансаваў вялікую нараду па сельскай гаспадарцы і пачуць аб праблемах фермераў і сітуацыі ў галіне Аляксандр Лукашэнка захацеў з першых вуснаў. Магілёўшчыну выбраў нездарма. Родная зямля, усіх фермераў тут Прэзідэнт ведае асабіста. Хто як не яны раскажуць усё як ёсць.

Аляксей Слесараў аграрый са стажам - займаў пасаду дырэктара аднаго з калгасаў у часы працы Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёўскай вобласці. Сёння паспяховы фермер. Займаецца вырошчваннем бульбы, рапсу і нават грэчкі. У справе ўся сям'я. З Прэзідэнтам знаёмы многія гады, а таму і сустрэча атрымалася цёплай.

Фермер падрабязна распавядае пра кожнае ўгоддзе, пра спецыфіку вырошчвання кожнай культуры, пра тое, чым жыве сёння прыватны бізнес у сельскай гаспадарцы.

А гэта валоданні яшчэ аднаго фермера Магілёўшчыны. Ва Уладзіміра Маліноўскага ў гаспадарцы працуюць 43 чалавекі. У тым ліку і ўся сям'я. Гаспадарку назвалі "Дзіяна" - у гонар старэйшай дачкі. Размовафермера і Прэзідэнта заходзіць ля поля, дзе праходзіць сяўба бульбы. Неўзабаве тут павінен быў узысці рапс, але культура загінула. Фермер не хвалюецца. Глеба угноеная, пуставаць не будзе. Тым больш што бульба - спецыялізацыя гаспадаркі. Усё, што вырошчваюць на 700 гектарах, захоўваецца ў двух сховішчах. Трэцяе ўжо амаль дабудавалі.

І тут Прэзідэнт доўга абмяркоўвае з фермерам тонкасці ўсяго тэхналагічнага ланцужка - ад закладкі насення да збыту ўраджаю. Зноў размова заходзіць наконт беларускай тэхнікі. Здольная эфектыўна працаваць ці не - цікавіцца Прэзідэнт.

Ужо пакідаючы гаспадарку, Кіраўнік дзяржавы закранае тэму пераемнасці. Стварыць фермерскую гаспадарку - справа вялікая, яшчэ больш важна выгадаваць таго, каму яе потым можна будзе перадаць. Прэзідэнт успамінае гутарку на гэтую тэму з Дар'яй Домрачавай.

Ну а затым была доўгая, шчырая і эмацыянальная гутарка Прэзідэнта і фермераў. Пра тое, як жыве галіна, чым дыхае, як плануе развівацца далей, чым можа дапамагчы дзяржава, а дзе ўсё залежыць ад саміх аграрыяў.

Ужо напачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка задаў тон гутаркі - можна абмяркоўваць любую набалелую тэму, але абавязкова трэба пагаварыць наконт будучыні сельскай гаспадаркі ўвогуле і фермерства ў прыватнасці. Унікальнай магчымасцю аграрыі скарысталіся. Гутарка доўжылася некалькі гадзін: аб цяжкасцях стварэння фермерскага бізнесу, аб праве прыватнай уласнасці на зямлю, аб беларускай і імпартнай тэхніцы і нават аб скасаванні адміністрацыйных працэдур.

Тэма бюракратызацыі ў дзяржструктурах узнімалася некалькі разоў. Фермер Юрый Коршунаў расказаў Прэзідэнту асабістую гісторыю, якая напэўна зараз будзе мець свой працяг.

Абмеркаваць свае праблемы з Кіраўніком дзяржавы - магчымасць унікальная. А для Прэзідэнта гэта яшчэ і выдатная магчымасць даведацца аб праблемах і радасцях простага чалавека з першых вуснаў. Для фермера вялікі стымул убачыць, што дзяржава побач і заўсёды падставіць плячо.