Прэзідэнт наведаў Аператыўна-аналітычны цэнтр

7 июня 2013
Больш глыбокай інфармацыі па пытаннях барацьбы з карупцыяй і сітуацыі ў эканоміцы чакае Кіраўнік дзяржавы ад Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце. Аб гэтым сёння заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання цэнтра. Як сімвал гонару, доблесці і славы Прэзідэнт уручыў цэнтру сцяг. Вы не маеце права на памылку. Гэта павінен быць самы сумленны, чысты і справядлівы орган нашай краіны, - наказваў Кіраўнік дзяржавы.

Расказвае Сяргей Хамянтоўскі.


Сённяшні дзень сапраўды ўвойдзе ў гісторыю Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце як адна з памятных дат. Праз пяць гадоў з моманту стварэння цэнтра сёння яго наведаў Кіраўнік дзяржавы.

Абарона інфармацыі, бяспечны Інтэрнэт, развіццё інфармацыйнага грамадства. Аператыўна-аналітычны цэнтр актыўна развівае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў краіне. Што называецца, з парога, Прэзідэнту правялі прэзентацыю прадпрыемстваў, падведамасных ААЦ. Да прыкладу, Нацыянальны цэнтр электронных паслуг робіць электронныя інфармацыйныя паслугі даступнымі нават у самым аддаленым кутку краіны.

Акрамя аб'яднання высокахуткасных сетак перадачы звестак, а іх больш за 30 тысяч кіламетраў, краіна далучылася да маштабнага міжнароднага праекта - будаўніцтва высокахуткаснай магістралі Масква - Мінск - Франкфурт-на-Майне.

Воблачныя тэхналогіі і развіццё лічбавай эканомікі - не такая ўжо завоблачная перспектыва. Хоць бюджэт праекта - 400 мільёнаў долараў, эфект каласальны.
Уручыўшы сцяг Аператыўна-аналітычнаму цэнтру як сімвал гонару, доблесці і славы, Прэзідэнт прызнаўся: прынятае пяць гадоў таму рашэнне аб стварэнні цэнтра было прадыктавана жыццём.

Сёння Аператыўна-аналітычны цэнтр заняў сваё месца ў сістэме дзяржорганаў краіны. Ён паспяхова выконвае не толькі спецыфічныя функцыі. Шматлікія грамадзяне ўспрымаюць яго як апошнюю інстанцыю ў пошуках праўды.

Развіццё інфармацыйных тэхналогій - адно з прызначэнняў Аператыўна-аналітычнага цэнтра. Прэзідэнт прызнаў: шмат у чым дзякуючы працы спецыялістаў ААЦ Беларусь у апошнія гады паднялася ўверх у сусветных рэйтынгах развіцця інфармацыйнага грамадства.

На развітанне Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у гістарычным фармуляры Аператыўна-аналітычнага цэнтра.