Прэзідэнт наведаў Мінскі завод колавых цягачоў

14 августа 2015

МЗКТ і "Волат" - тэхніка, якая не ведае перашкод, і два прамысловыя гіганты, якія не прызнаюць крызіс сусветнага аўтапрама. Як сёння б'ецца механічнае сэрца заводаў? Што дала шасцігадовая мадэрнізацыя? І як адчувае сябе працоўны калектыў, сярэдні ўзрост якога, дарэчы, крыху больш за сорак?

Працяг прэзідэнцкай інспекцыі айчынных прамгігантаў сёння на заводзе колавых цягачоў - у вялікім рэпартажы Андрэя Крывашэева. Сёння ўжо мала хто ўспомніць, што МЗКЦ як "вялікі завод вялікіх машын" вырас з сакрэтнага канструктарскага бюро на МАЗе. Так што ў яго афіцыйна два дні нараджэння - 23 ліпеня 1954-га (летась адзначылі юбілей) і 7 лютага 1991-га, калі з Мінскага аўтамабільнага гігант пайшоў у аўтаномнае плаванне (чвэрць стагоддзя споўніцца праз 5 месяцаў).

Сёння МЗКЦ - акцыянернае таварыства, але на 100% належыць дзяржаве. А як інакш, калі нават завадчане называюць сваё прадпрыемства "заводам у пагонах". Тэхніка ўнікальная і пераважна двайнога прызначэння. Таму рэкламу не сустрэнеш на вуліцах і па ТБ – папулярызацыя ідзе на вайсковых выставах і палігонах. Пра навінкі маўчаць да апошняга. І справа не столькі ў камерцыйнай таямніцы, хаця і ў ёй таксама. Галоўнае - не даць праціўніку часу падрыхтаваць антыдот і выратаваць жыцці будучых экіпажаў і ваенных разлікаў.

Галоўны канструктар (ён, дарэчы, усяго трэці за 60 гадоў завода) на пытанне журналістаў наконт новых распрацовак суха адзначае: планы на 10 гадоў наперад звярстаныя.

МЗКЦ у лічбах сёння выглядае больш чым пераканаўча - прыемнай анамаліяй на фоне сусветнага крызісу аўтамабільнай індустрыі. Калектыў - амаль 5,5 тысячы чалавек, прычым за пяць гадоў не скарацілі, а дадалі 1,5 тысячы.

Мадэрнізацыю рупліва і ашчадна пачалі яшчэ ў 2007-м, спачатку, як усе, за кошт крэдытаў, але апошнія тры гады цалкам з уласнага прыбытку. Лічбам пазайздросціць любы прамгігант у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе - амаль трыльён за 3,5 года.

Як вынік - вытворца і на выгляд, і па начынні суперсучаснае прадпрыемства. Тэхнікі сталі выпускаць у 1,5 раза больш, экспарт у валюце падвоіўся, прыбытак вырас у 8,5 раза.

Але галоўнае нават не гэта, упэўнены дырэктар. Калектыў - адзін з самых маладых і таленавітых у Беларусі. Яму крыху больш за 40 гадоў.

Сяргей Гурулёў, старшыня Дзяржкамваенпрама: "Прычына нашых поспехаў - глыбокае планаванне, раз. Другое - падбор і неўмяшанне ў справы дырэктараў. Тры - гэта кааперацыя і кантроль дзеяння. Па гэтым прынцыпе мы і працуем. У нас цалкам самастойныя кіраўнікі. Вы бачылі, што тут на месцах дакладвалі начальнікі цэхаў. Усе 12 начальнікаў - маладыя людзі каля 35 гадоў. І з апорай на людзей".

На МЗКЦ конкурс нават для спецыялістаў з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй. МЗКЦ - гэта сістэмны наватар. Кожны год дадае да 7 новых машын, прапануючы прадукцыю на рынкі 20 краін свету. Асноўныя, вядома, Расія, Кітай, Арабскія Эміраты і Турцыя. Зрэшты, геаграфія няпоўная, бо МЗКЦ - гэта шасі ("рабочыя конікі") большасці ўзораў расійскага ваенпрама і ў камплекце С-300 або "Ураганаў" прысутнічаюць на ўсіх кантынентах. Дарэчы, сёння канструктары працуюць па прынцыпе "любы аплачаны капрыз заказчыка".

МЗКЦ - прадпрыемства стратэгічнае і для эканомікі, і для абароны, а таму ўвага дзяржавы і Прэзідэнта асабіста да яго асаблівая. У лічбах па пяцігодцы Аляксандр Лукашэнка разбіраецца, бадай, нават лепш за мясцовых эканамістаў - з 2010 года ўлада дапамагала заводу тройчы. А два СП з Кітаем і зусім суправаджаліся на вышэйшым узроўні. Таму сёння з парога беларускі лідар гаворыць не пра заслугі і дасягненні - іх хапае, а наконт праблем. Прычым, самыя вострыя нават не на МЗКЦ, а ў калегаў па цэху ў рэгіёнах. Напрыклад, у Будмашыны ў Магілёве.

Яшчэ адна праблема - знешняя. Расія падводзіць з пераабсталяваннем агульнай групоўкі і нават тармозіць беларускую вытворчасць аналагаў. У логіцы капіталізму ўсё зразумела - асцерагаюцца канкурэнтаў. Але ў логіцы галоўнага саюзніка - абсалютная анамалія і нават шкодніцтва. Прэзідэнт рэагуе жорстка.

Агульная пазіцыя Прэзідэнта - не клянчыць нават у саюзніка і зжываць з сябе комплекс малодшага брата і саюзніка. Ужо ведаем, як і што можам рабіць самастойна - той жа аператыўна-тактычны ЗРК "Паланэз" і шматфункцыянальныя бронемашыны для арміі.

Сяргей Гурулёў, старшыня Дзяржкамваенпрама: "У першым квартале наступнага года мы прадэманструем Міністэрству абароны два доследныя ўзоры для выпрабавання. Затым дапрацоўка, доследная партыя, і мы будзем гатовыя выйсці на знешні рынак па лёгкабраніраваных машынах. Гэта машыны будучыні. Яны пад'ёмныя заводам, пад'ёмныя рэспублікай, больш за 15 прадпрыемстваў удзельнічаюць у стварэнні. Больш як 80% будзе беларускага паходжання".

Яшчэ адна вострая тэма - прыватызацыя. Беларускі лідар супраць - самі спраўляемся, эфектыўнасці не дададзім, новыя рынкі збыту ёсць. Простае пытанне - навошта?

Прэзідэнт падрабязна знаёміцца з работай найважнейшых цэхаў і ўчасткаў завода. Частка станкоў, закупленых па праграме мадэрнізацыі, такія новыя і сучасныя, што яшчэ пахнуць заводскай змазкай. Але ўжо працуюць на паток. Адзін з эфектаў - стварэнне ўласнай гідрамеханічнай каробкі перадач, ёй няма аналагаў у СНД. Кіраўнік дзяржавы і на астатніх участках патрабуе большай лакалізацыі. Максімум камплектуючых, не толькі жалеза павінны вырабляць беларускія спецыялісты.

Прэзідэнт яшчэ раз акцэнтуе рэгіянальны і салідарны характар беларускай прамысловасці. Не будаваць новыя цэхі, а дзяліцца заказамі з калектывамі. Асабліва з тымі, якія сёння аб'ектыўна пакутуюць ад недахопу заказаў звонку.

Самая наглядная і відовішчная частка маршруту Прэзідэнта - пляцоўка з гатовай прадукцыяй МЗКЦ і "Волата". Цікава, што тут толькі навінкі і вынік глыбокай мадэрнізацыі. І ўсё роўна тэхніка займае ўвесь унутраны дворык і больш падобная на выставу ў стылі хакі накшталт "Мілекса" ці "Арміі-2015". Следам за Прэзідэнтам і кіраўніком Дзяржваенпрама мы склалі шорт-ліст самых яркіх і пераканаўчых для сусветнага рынку айчынных навацый.

Наш агляд мадэльнага раду пачынаем з самага цяжкага пакуль шасі МЗКЦ. Гэта аснова для міжкантынентальных балістычных сістэм "Таполя-М" і "Ярс". Гэта значыць яшчэ і аснова для поўнага пераўзбраення саюзнай расійскай арміі. За месяц выпускаюцца дзве машыны. У штуках, здавалася б, няшмат, але вось у валюце гэта шостая частка ўсяго экспарту машынабудаўнічага гіганта.

А гэты самы масавы выраб абароннага завода. 543-я шасі. Першы экзэмпляр выпушчаны яшчэ ў далёкім 1961-м. Г. зн. сёння машына ўжо адзначыла паўвекавы юбілей. Спецыялісты ласкава называюць шасі "дзядулем" айчыннага цяжкага аўтапрама ва ўсіх сэнсах. Як і належыць бацьку-заснавальніку, за ім ідзе цэлае сямейства мадэрнізаваных шасі. На яго базе працуюць С-300 і С-400, "Смерчы" і "Рубяжы". Па ўсім свеце ад Азіі і СНД да Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Заяўкі ёсць да 2020 года, таму самы папулярны жарт вайскоўцаў: "Дзядуля яшчэ ў страі і дасць фору моладзі".

Два ўніверсальныя цягачы пад брэндам "Волат". Сёння былое падраздзяленне МЗКЦ - асобны і паспяховы прамысловы гігант. Знешне цягачы - блізнюкі-браты. А вось па начынні два пакаленні плюс. Унікальная для СНД цягавітая падвеска. Адсюль манеўранасць і хуткасць нават па бездарожжы.

Сямейства 7930. На яго базе працуюць знакамітыя "Іскандэры" і "Бастыёны". Для нас важна, што гэта аснова для першай беларуска-кітайскай сістэмы залпавага агню з меладычнай назвай "Паланэз". Дзякуючы шасі на ўсіх стрэльбах "Паланэз" гучыць аднолькава "меладычна" і сурова.

Інтэлект сучаснай арміі - радыёлакацыённая разведка і звышдакладнае кіраванне. Каб змясціць "выраб" у кадр, даводзіцца адыходзіць метраў на 200. Простай мовай тэхніку называюць шасі з мачтай. Распрацоўка поўнасцю беларуская, пры гэтым прапановы ад расійскіх калег купіць вытворчасць цалкам гучаць рэгулярна.

Два ўзоры ад "Волата", але ўжо не ваеннага, а стратэгічнага, цывільнага, напрамку - разведка і здабыча нафты і газу. Першая машына працуе ў Беларусі, Расіі і Туркменіі. Неўзабаве пойдзе ў Азербайджан. Другая ўнікальная сваёй вытворчай кааперацыяй. Удумайцеся: каб стварыць гэты комплекс па рамонце і абслугоўванні нафтагазавых свідравін, з Беларуссю працуюць кампаніі са Злучаных Штатаў Амерыкі, Еўрасаюза і нават Паўднёвай Карэі. І гэта нягледзячы на санкцыі, націск і грозную рыторыку - бізнес ёсць бізнес. Прыемна тое, што ў гатовай машыне 90% - гэта нашы камплектуючыя.

Ну і яшчэ адна цывільная навінка пад брэндам "Нёман". Сапраўдны народны аўтамабіль, замена прыгарадным імпартным маршруткам. Па хуткасці, эканамічнасці, надзейнасці падвескі і непераборлівасці не саступае ўкраінскім і нямецкім аналагам. А вось унутры адны бонусы. Больш прасторы і для пасажыраў, і іх багажу - дачнікі і турысты ацэняць. Тры дзясяткі пасадачных месцаў, але ёсць прастора для камфорту. Усё гэта ўдалося ўмясціць у цэлым у невялікі кузаў. Адсюль і "народнасць" "Нёмана" і яго патэнцыял на суседніх рынках.

Асаблівую цікавасць Прэзідэнта выклікае навінка з зусім небеларускім імем - "Кайман". Гэта лёгкая машына, мала таго, што на 85% беларуская, дык яшчэ плавае, па класе брані вытрымлівае буйнакаліберны кулямёт апошніх мадэляў, разганяецца да 110 кіламетраў за гадзіну і неўзабаве атрымае эканомны і надзейны айчынны рухавік.

Агульнае ўражанне Кіраўніка дзяржавы ад МЗКЦ, "Волата" і ў цэлым ваенпрама станоўчае. Якасная, пралічаная мадэрнізацыя. "Залаты калектыў" канструктараў канкурэнты называюць геніямі, свая лінейка найноўшай тэхнікі амаль без аглядкі на імпарт. І, на жаль, для абывацеля, але ў плюс вытворцу тэхнікі двайнога прызначэння - павышаны сусветны попыт на зброю і бяспеку.