Прэзідэнт наведаў храм Праабражэння Гасподняга ў горадзе Барань

16 апреля 2017

Вернікі ўсяго свету сёння адзначаюць Уваскрэсенне Хрыстова. Сёлета даты Вялікадня ў грыгарыянскім і юліянскім календарах супалі, таму радасць урачыстасці падзяляюць і праваслаўныя, і каталікі.

Сотні людзей сабраліся ля храма Праабражэння Гасподняга ў горадзе Барань (пад Оршай). З нагоды свята царкву наведаў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. У гэтыя светлыя дні Кіраўнік дзяржавы па традыцыі бывае ў рэгіёнах і свята Вялікадня сустракае ў невялікіх цэрквах. Сёлета Аляксандр Лукашэнка прыехаў на сваю малую радзіму. Кіраўнік дзяржавы нарадзіўся непадалёк, у гарадскім пасёлку Копысь Аршанскага раёна. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся са святочным убраннем царквы. Разам з сынам Мікалаем прысутнічаў на велікодным набажэнстве і пад святочныя спевы паставіў свечку ля абраза.

Па хрысціянскай традыцыі Прэзідэнт і архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый абмяняліся падарункамі. Аляксандр Лукашэнка перадаў у дар храму ікону "Ісус Хрыстос Уседзяржыцель". Яна напісаная ў стылі веткаўскай школы іканапісу і выкананая ў тэхніцы васковай тэмперы. Архіепіскап паднёс Прэзідэнту ікону Аляксандра Неўскага. Затым Кіраўнік дзяржавы павіншаваў вернікаў, якія сабраліся ля Праабражэнскага храма, і ўсіх беларусаў са святам. І паабяцаў жыхарам горада, што рэгіён атрымае дадатковае эканамічнае развіццё.

У светлае свята Вялікадня хрысціян усяго свету аб'ядноўвае вера ў лепшае. Усім беларусам Прэзідэнт пажадаў міру і моцнага здароўя.