Прэзідэнт даручыў зняць з пасад усіх вінаватых за незабеспячэнне належных умоў гаспадарання ў аграхолдынгу "Купалаўскае"

26 марта 2019

Прэзідэнт Беларусі даручыў зняць з пасад усіх вінаватых за незабеспячэнне належных умоў гаспадарання і вытворчай дысцыпліны ў аграхолдынгу "Купалаўскае". Такое даручэнне Кіраўнік дзяржавы даў падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць.

Кіраўнікі, якія прысутнічалі на гэтай сустрэчы, не чакалі, што Прэзідэнт адразу адхіліць прапанаваны маршрут і пойдзе "не туды". Пры аглядзе малочна-таварнага комплексу "Сліжы" Аляксандру Лукашэнку адкрылася непрэзентабельная карціна. Комплекс працуе 2 гады, але выклікае засмучальнае ўражанне. Аказалася, што кароўнікі, у якіх утрымліваюцца жывёліны, у жудасных умовах. Вакол тэхналагічныя парушэнні. Парадку не ўбачыў Прэзідэнт і ў вытворчых памяшканнях. Сапраўдны бардак і могілкі непатрэбных рэчаў. Аказалася, што за фасадам на мехдвары схаваны ржавая тэхніка, захламленыя сараі, металалом, разабраныя пагрузчыкі. Бачна безгаспадарчасць і бязладны падыход. Аляксандр Лукашэнка адкрыў усе зачыненыя дзверы, прайшоўся па тэрыторыі і пагутарыў з работнікамі комплексу, якія яўна не чакалі ўбачыць Прэзідэнта ў такіх схаваных ад вачэй закутках. Задаючы пытанні, вось так напрамую можна ацаніць рэальны стан спраў.

Па выніках наведвання раёна Прэзідэнт прыняў прынцыповыя кадравыя рашэнні за незабеспячэнне належных умоў гаспадарання і вытворчай дысцыпліны ў аграхолдынгу "Купалаўскае". Кіраўнік Шклоўскага раёна Васіль Віцюноў накіраваны працаваць кіраўніком гэтага аграхолдынга. Сёння ж быў прадстаўлены выконваючы абавязкі старшыні Шклоўскага райвыканкама. Гэта зараз ужо экс-памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў. Сітуацыя ў холдынгу стала апошняй кропляй пасля невыканання даручэння Прэзідэнта аб своечасовай выплаце зарплаты ў рэгіёне і слабых паказчыкаў вобласці. У выніку  губернатар Уладзімір Даманеўскі  зняты з пасады. Выкананне абавязкаў старшыні Магілёўскага аблвыканкама ўскладзена на першага намесніка Мікалая Кароціна. Па астатніх кіраўніках Аляксандр Лукашэнка даручыў Адміністрацыі Прэзідэнта ў самыя кароткія тэрміны ўнесці прапановы. Таксама падчас паездкі абмяркоўваліся эфектыўнасць і развіццё сельскай гаспадаркі ў цэлым і вынікі працы аграхолдынга "Купалаўскае" ў прыватнасці. Сёння Прэзідэнт выразна даў зразумець, што складаныя сельгаспрадпрыемствы не застануцца без увагі.

Нагадаем, Прэзідэнт даў даручэнне па стварэнні аграхолдынга "Купалаўскае" два з паловай гады таму. У чэрвені мінулага года тут жа Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэта праект дзяржаўнай важнасці, аднак развіваецца ён павольна. Паколькі Прэзідэнт ведае кожную гаспадарку ў Шклоўскім раёне, то менавіта тут адпрацоўваюцца шматлікія рашэнні для АПК і па мадэрнізацыі раёнаў у цэлым.