Прэзідэнт даручыў праверыць месцы масавага збору людзей і жорстка пакараць за парушэнні бяспекі

27 марта 2018

Праверыць месцы масавага збору людзей і жорстка пакараць за парушэнні бяспекі.

Такую задачу сёння паставіў Прэзідэнт падчас сустрэчы з Міністрам унутраных спраў Беларусі Ігарам Шуневічам. Даручэнне выклікана здарэннем у расійскім Кемераве, дзе падчас пажару загінулі людзі. Яшчэ напярэдадні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях пачало работу па ацэнцы стану гандлёвых цэнтраў у нашай краіне, але даручэнне Прэзідэнта значна шырэй - трэба правесці праверку ўсіх месцаў масавага збору людзей. Да інспекцыі МНС павінны падключыцца і праваахоўнікі. А за недапрацоўкі з боку ўладальнікаў такіх устаноў будзе жорсткая рэакцыя.

Кіраўнік МУС таксама расказаў наконт крымінагеннай сітуацыі ў краіне. У 2018-м прадоўжылася тэндэнцыя зніжэння колькасці зарэгістраваных злачынстваў. Гэта вынік комплексу дзеянняў, распачатых у Беларусі. Як падкрэсліў Ігар Шуневіч, зараз галоўная задача - падтрыманне дасягнутага ўзроўню бяспекі ў краіне.