Вызначыцца з новым механізмам выплаты дарожнага збору на ўзроўні парламента і ўрада. Такое даручэнне даў сёння прэзідэнт падчас абмеркавання падыходаў да ўдасканалення парадку збірання дзяржмыты за допуск транспартных сродкаў да дарожнага руху.
У Беларусі 90 тысяч кіламетраў дарог, і за 10 гадоў на іх рамонт і ўтрыманне выдаткавана каля 10 мільярдаў рублёў. Дарожны збор дзейнічае ўжо шэсць гадоў і выклікае ў насельніцтва нараканні, бо плаціць аднолькава прыходзіцца ўсім: і тым, хто намотвае дзясяткі тысяч кіламетраў, і тым, хто выкарыстоўвае аўто хаця б раз на тыдзень. Урад дыскутаваў, новыя падыходы вынес на вышэйшы ўзровень. Але прэзідэнт упэўнены: вырашэнне пытання якраз у іх плоскасці, тым больш што падзел паўнамоцтваў улады - сучасны запыт грамадства.
Ёсць шэраг прапаноў, як удасканаліць механізм дарожнага збору, каб і людзі былі задаволены, і добрыя дарогі заставаліся беларускім брэндам. У Беларусі зарэгістравана больш за 4,5 мільёна транспартных сродкаў.













