Прэзідэнт пагаварыў з калектывам прадпрыемства "Рэчыцадрэў"

11 апреля 2017

Зносіны з калектывам прадпрыемства "Рэчыцадрэў" атрымаліся жывымі і насычанымі. Менавіта ў фармаце адкрытага дыялогу можна задаць самыя розныя пытанні аб тым, што хвалюе і датычыцца кожнага. І пачуць шчырыя адказы Прэзідэнта. Сёння гаварылі пра бяспеку, развіццё малых гарадоў, перспектывы дрэваапрацоўкі ў Беларусі і, вядома, пра зарплаты. Падрабязна Аляксей Адашкін.

Трымаць руку на пульсе краіны Кіраўніку дзяржавы дапамагаюць рабочыя паездкі. Падчас наведвання рэгіёна Прэзідэнт шмат размаўляе з чыноўнікамі і прамыслоўцамі. Але не менш увагі Аляксандр Лукашэнка надае і гутарцы з мясцовымі жыхарамі. У Гомельскай вобласці зносіны беларускага лідара з супрацоўнікамі завода "Рэчыцадрэў" выйшлі за межы ўнутрыраённых і нават унутрырэспубліканскіх тэм.

"Рэчыцадрэў" - адно з горадаўтваральных прадпрыемстваў гэтага горада на Дняпры. Усяго ж тут знаходзяцца чатыры буйныя заводы, на долю якіх прыпадае амаль 80% усяго аб'ёму прамысловай вытворчасці раёна. Акрамя дрэваапрацоўчага комплексу, тут ёсць і камбінат хлебапрадуктаў, і тэкстыльная фабрыка, і метызны завод. Ад эканомікі гэтых прадпрыемстваў шмат у чым і залежыць дабрабыт усяго рэгіёна. Але не кожны малы горад Беларусі мае такую прамысловую апору, таму дзяржава робіць усё магчымае, каб развіццё невялікіх населеных пунктаў ішло больш раўнамерна. З гэтай тэмы пачалася сёння гутарка Прэзідэнта з калектывам прадпрыемства "Рэчыцадрэў".

Мір і стабільнасць - адны з галоўных каштоўнасцяў беларусаў. Забяспечыць парадак унутры краіны - задача, з якой дзяржава паспяхова спраўляецца. Аднак вырашыць нейкія сур'ёзныя міжнародныя праблемы не заўсёды могуць нават самыя ўплывовыя краіны. Да многіх канфліктаў на планеце ўсе ўжо неяк прывыклі. Аднак часам гарачыя пункты распаляюцца да небяспечнай мяжы. Прэзідэнт Беларусі часта размаўляе з замежнымі лідарамі, таму добра ведае сітуацыю на міжнароднай арэне. Ад Беларусі да Сірыі крыху больш за 3 тысячы кіламетраў. Нягледзячы на адлегласць, удары амерыканскіх ракет на Блізкім Усходзе могуць аказаць сур'ёзны ўплыў на бяспеку і ў нашым рэгіёне. Свет падышоў да небяспечнай рысы, і гэта хвалюе беларусаў.

Зняцце бар'ераў і раздзяляльных ліній дапамагае знізіць напружанасць у свеце. На гэта арыентуецца айчынная дыпламатыя. У лютым Беларусь адмяніла візы для жыхароў 80-ці дзяржаў планеты, якія прыбываюць у Нацыянальны аэрапорт Мінск. За гэты час да нас такім чынам прыехалі больш чым 8 тысяч чалавек з 60-ці краін. Акрамя таго, бязвізавы рэжым дзейнічае і для турыстаў, якія наведваюць Аўгустоўскі канал. З мінулай восені ў Гродне пабывалі турысты з амаль 40 дзяржаў.

Ад пытанняў лакальных да геапалітычных праблем. Размова Прэзідэнта з калектывам завода "Рэчыцадрэў" атрымалася адкрытай і змястоўнай. Рабочыя пераканаліся: як праблемы, так і поспехі іх рэгіёна навідавоку ў кіраўніцтва краіны. А гэта найважнейшая ўмова паспяховага развіцця.