Прэзідэнт жорстка раскрытыкаваў якасць працы па развіцці Аршанскага інструментальнага завода

13 августа 2018

Мясцовыя органы ўлады і кіраўніцтва галіны правалілі даручэнне Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы адмовіўся ад прапанаванага маршруту і прайшоў па ўсім заводзе, каб цалкам ацаніць вытворчы ланцужок: ад прыёмкі сыравіны да выпуску гатовай прадукцыі. Зайшлі ў кожныя дзверы. Дзесьці аказаліся зваленыя ў кучы станкі, далей сырыя, цёмныя цэхі з цвіллю на абадраных сценах. Недапушчальныя ўмовы працы, у якіх працуюць дзясяткі людзей. Вытворчасць, арыентаваная на абсталяванне буйных прамысловых прадпрыемстваў, зараз не можа ў поўнай меры задаволіць попыт заказчыкаў. Праблема ў састарэлым абсталяванні і ў безгаспадарчасці. У адным з цэхаў Прэзідэнт даручыў адрамантаваць дах і арганізаваць вытворчасць з выкарыстаннем новых станкоў - іх пастаўкамі зоймецца мясцовы завод "Чырвоны барацьбіт". Яшчэ адно даручэнне - адгарадзіць прыватнікаў ад асноўных плошчаў. Да гэтага арандатары і завадчане карысталіся адной прахадной. Але галоўнае - трэба прывесці ўсё ў ідэальны парадак. На гэта ў чыноўнікаў не так шмат часу.

Падчас рабочай паездкі Прэзідэнт наведаў яшчэ шэраг буйных прадпрыемстваў. Арыенцір для ААТ "Оршааграпраммаш" - бясстратная праца, парадак і аптымізацыя тэрыторыі, граматная лагістыка вытворчага працэсу. Таксама абмяркоўваліся праблемныя пытанні на мясцовым мясакансервавым камбінаце. Аляксандр Лукашэнка даручыў да лістапада 2020 года зрабіць яго адным з лепшых прадпрыемстваў галіны. На заводзе "Тэхніка сувязі", як і ўсюды, - пільная ўвага да выканання даручэнняў. Павярхоўны падыход і надзея на тое, што Прэзідэнт не зойдзе ў нейкі цэх, - не нармальныя для любога прадпрыемства. Тым больш для ключавых вытворцаў рэгіёна.