Прэзідэнт падпісаў указ аб прысуджэнні прэмій "За духоўнае адраджэнне"

31 декабря 2015

У Беларусі стала добрай традыцыяй у навагоднія і калядныя святы ўзнагароджваць людзей, якія сваёй працай зрабілі нашу краіну багацейшай духоўна, маральна, павысілі ўзровень гістарычнай памяці народа. Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ аб прысуджэнні прэмій "За духоўнае адраджэнне" і спецыяльных прэмій Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва.

Так, сярод лаўрэатаў прэміі "За духоўнае адраджэнне" аўтарскі калектыў, які працаваў над стварэннем кнігі-рэквіема "Жыць і памятаць" у складзе няштатнага супрацоўніка галоўнай дырэкцыі міжнароднага вяшчання Беларускага радыё Алены Харашэвіч і прафесара акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Анатоля Шаркова. Прэміяй адзначаны епіскап Барысаўскі і Мар'інагорскі Веньямін, які ўнёс важкі ўклад у духоўнае адраджэнне Беларусі. За захаванне жыцця і здароўя маці і дзяцей узнагароджаны калектыў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра "Маці і дзіця". За ўмацаванне духоўных каштоўнасцяў у сучасным грамадстве прэміяй адзначаны і калектыў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Сярод лаўрэатаў і настаяцель рэлігійнай суполкі Святой Тройцы з вёскі Росіца Верхнядзвінскага раёна Чэслаў Курэчка.

А сярод лаўрэатаў спецыяльных прэмій Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва - калектыў Вялікага тэатра краіны за оперу "Царская нявеста", Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, вядучыя тэатральныя калектывы краіны, мастакі, скульптары. Радасна, што сярод лаўрэатаў спецпрэміі Прэзідэнта і нашы калегі: спецкарэспандэнт аддзела навін культуры АТН Наталля Бардзілоўская, галоўны рэжысёр Агенцтва тэленавін Алег Далгаполаў і загадчык аддзела навін культуры Міхаіл Равуцкі. Яны ўзнагароджваюцца за стварэнне гісторыка-дакументальнага серыяла "Яны спявалі за Радзіму".