Прэзідэнт падпісаў пастанову Савета бяспекі Беларусі "Аб канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі"

18 марта 2019

Заслон фэйкам, а зялёнае святло - толькі дакладным звесткам. Інфармацыйны суверэнітэт і   кібербяспека краіны. Прэзідэнт сёння падпісаў пастанову Савета бяспекі Беларусі "Аб канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі".

Гэты дакумент уяўляе сабою комплексны падыход да праблемы інфармацыйнай бяспекі. Зыходзіць з геапалітычных інтарэсаў нашай краіны, яе месца і ролі ў сучасным свеце. А таксама засноўваецца на пагадненнях аб супрацоўніцтве ў гэтай галіне на інтэграцыйных пляцоўках і з міжнароднымі партнёрамі. Канцэпцыя адлюстроўвае сучасныя выклікі і пагрозы, якія фарміруюцца ў інфармацыйнай сферы (ад маніпулявання масавай свядомасцю і дыскрэдытацыі каштоўнасцяў да размывання нацыянальнага суверэнітэту), -  усё гэта нясе рызыкі для дзяржавы. Па сваёй сутнасці, дакумент - гэта сучасны палітычны акт, нацэлены на развіццё Беларусі як суверэннай, дэмакратычнай, сацыяльнай дзяржавы. Удзел у стварэнні канцэпцыі прыняло мноства арганізацый: ад Адміністрацыі Прэзідэнта і Акадэміі навук да Парка высокіх тэхналогій і найбуйнейшых СМІ.

Аляксандр Іваноўскі, доктар тэхнічных навук, прафесар: "Асноўныя ключавыя моманты - гэта, вядома, інфармацыйны суверэнітэт. Забеспячэнне абароны грамадзян, арганізацый і іх правоў на тэрыторыі Беларусі. У той час калі мы накрытыя глабальным каўпаком інфармацыйным. І другое - гэта пытанні, звязаныя з забеспячэннем стабільнасці. Канцэпцыя - гэта той дакумент, які накрывае гэтае поле ва ўмовах дзеянняў, якія хутка змяняюцца, канцэптуальнае шырокае бачанне сітуацыі і база для распрацоўкі прававых асноў рэгулявання".

Аляксей Банькоўскі, начальнік інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Беларусі: "Канцэпцыя створыць аснову для больш эфектыўнага забеспячэння правоў усіх суб'ектаў, якія ўдзельнічаюць у сферы інфармацыйных адносін, і гэта з'яўлялася асноўнай задачай Канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі. Каб яе палажэнні дазволілі далей удасканальваць нацыянальнае заканадаўства, адштурхнуцца ад таго ўзроўню, на якім мы знаходзімся, і зыходзячы з гэтага, ісці далей, развіваць нашу нацыянальную прававую сістэму".

Нагадаем, Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі нашай краіны абмяркоўвалася на мінулым тыдні на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі. Распрацаваць дакумент было даручэннем Кіраўніка дзяржавы. Усе заўвагі і прапановы, выказаныя тады, улічаныя ў новым дакуменце. Што важна: паводле канцэпцыі гарантаванне інфармацыйнай бяспекі - задача для ўсіх: ад дзяржорганаў да грамадзянскай супольнасці і бізнесу. Акрамя таго, мэта дакумента - забяспечыць для ўсіх доступ да максімальна поўнай і дакладнай інфармацыі, падаць магчымасць абараніць свае асабістыя правы ў медыяпрасторы і гарантаваць камфортнае карыстанне найноўшымі сродкамі камунікацый.