Прэзідэнт азнаёміўся з развіццём Бялыніцкага раёна і наведаў СВК "Калгас Радзіма"

10 июля 2018

Без вёскі няма дзяржавы. Мабыць, у такіх простых словах закладзеная ісціна: гэта і ёсць наша харчовая бяспека. А таму і ўвага да АПК у цэлым, ды і да кожных працавітых рук - асаблівая. Сённяшняе мерапрыемства ў Бялыніцкім раёне гэтаму навочнае пацверджанне. Калектыў легендарнага СВК "Калгас Радзіма" ўдастоены падзякі Прэзідэнта. Прычым уручаць высокую ўзнагароду ў СВК прыбыў асабіста Аляксандр Лукашэнка. У падарунак - аўтамабіль "Джылі Атлас". Гаспадарка - моцная і ўзорная. Лепшыя паказчыкі ў раёне і вобласці. Развіваюць і сацыяльную сферу. Адгэтуль умовы для жыцця і працы, якія не саступаюць гораду. Прыстойныя зарплаты. Таму і больш за палову супрацоўнікаў - маладыя кадры. Як атрымалася стварыць у глыбінцы сапраўдны аазіс, адказ просты: годнае стаўленне да людзей працы і любоў да сваёй малой радзімы. Сёння ў гэта складана паверыць, але раней СВК быў стратным. Зараз жа вопыт, інавацыйныя падыходы і гаспадарскае стаўленне да справы - арыентыр для ўсяго Бялыніцкага раёна. Які, дарэчы, сур'ёзна прасеў у паказчыках за апошнія гады. Аднавіць дынаміку развіцця да канца 2020 года - патрабаванне прынцыповае. Дык чаму зямная практыка часам дае большую аддачу за высокую навуку, як на справе працуе сацыяльны пакет у маштабах аграгарадка і як становяцца сапраўднымі героямі на сваёй малой радзіме? Падрабязней Андрэй Крывашэеў.

З чаго пачынаецца радзіма? Бялыніцкае СВК "Радзіма" пачынаецца з простай, традыцыйнай, але вельмі эфектыўнай і рэнтабельнай тэхналогіі вытворчасці. А яшчэ "Радзіма" пачынаецца з годнага стаўлення да чалавека працы. Тут і вялікі сацыяльны пакет - шматлікія карпарацыі пазайздросцяць, і зарплаты з надбаўкамі, і выхаванне моладзі ад дзіцячага сада, і агульныя святы, якія аб'ядноўваюць. Таму ў Год малой радзімы вельмі сімвалічна, што прыкладам для краіны стала менавіта гэтая гаспадарка СВК "Калгас Радзіма".

Мясцовыя жыхары не саромеюцца ні раптоўнай славы ў маштабах краіны - ёсць што паказаць, ні сваёй працы - цяжкай, але ўдзячнай, ні брэнда - "Калгас Радзіма". Насупраць, свае традыцыі вядуць з далёкага 1939 года. У годзе наступным адзначаць 90-гадовы юбілей. 37 з іх гаспадарыць Аляксандр Міхайлавіч Лапацентаў. Прычым як гаспадарыць! Па ўсіх паказчыках - ад рэнтабельнасці да сярэдняга ўзросту калектыву - "Радзіма" абсалютны перадавік. Пры гэтым многае ў гаспадарцы трымаецца на, на жаль, прызабытых у нашым XXI стагоддзі даверы і калектыўнай падтрымцы.

Як спрацаваліся маладосць і вопыт у гаспадарцы і чаму ў "Радзімы" такі фантастычны для большасці сярэдні ўзрост аграрыяў - 44 гады, правяраем на месцы. Вось Мікалай, механізатар з 30-гадовым стажам. Герой гаспадаркі. Літаральна - яго партрэт на Алеі славы.

А гэта Артур, толькі-толькі завяршыў свой першы сезон на новенькім "Палессі". Выбраў "Радзіму", застаўся і не шкадуе.

Унікальныя сацыяльныя і карпаратыўныя тэхналогіі, скажуць навукоўцы, да іх яшчэ вернемся. А пакуль яшчэ адна спрэчка навукі і практыкі на сяле: арганічныя ўгнаенні і глыбокі подсціл. Навука за тое, каб драбніць салому на полі. Практыка "Радзімы" - падсцілаць на ферме, а пасля ўгнойваць поле. Зноў жа навука за масіўныя жалезабетонныя фермы па пяці і вышэй тысяч галоў хатняй жывёлы, "Радзіма" робіць стаўку на невялікія, як тут гавораць, адрынкі, зробленыя сваімі рукамі. Пра гэтую дылему Прэзідэнт адразу пытае гаспадара: ці акупляецца сялянская руплівасць?

Такі факт, які перад вачамі, аспрэчыць немагчыма. Ды і рэнтабельнасць пад 80 % - лепшы стымул для распаўсюджвання эксперыменту. Тут і міністр згодзен. Хоць прымячае: сакрэт яшчэ і ў найвышэйшай дысцыпліне працы ў гаспадарцы.

Лагічнае пытанне Прэзідэнта: чаму, маючы такі пераканаўчы прыклад пад бокам, Бялыніцкі раён які год адстае ў развіцці? Даручэнне жорсткае - паказаць вынік у раёне да канца 2020 года, а ўжо да канца восені паказаць у кожнай гаспадарцы тыпавы і практычны комплекс на ўзор "Радзімы".

У тым, як гэта працуе і чаму менавіта ў знешняй прастаце тоіцца дзіўны вынік, пераканаліся тут жа, на месцы. Так, ферма не ўражвае масівам і тэхналагічнасцю. Але хіба сапраўднаму гаспадару патрэбная вітрына, а не вынік?

Вядома, абмеркавалі з Прэзідэнтам і ўкаранёныя ў гаспадарцы сацыяльныя тэхналогіі. Прасцей - як выгадаваць і ўтрымаць свайго спецыяліста на сваёй зямлі. Тут і зарплата - сярэдняя ў гаспадарцы пад тысячу. Але не толькі. Ёсць свая антытытунёвая праграма - для тых, хто не курыць, даплата. Плюс стыпендыі вучням за паспяховасць і бацькам за добрае выхаванне. Плюс свае льготы па камуналцы, адпачынку ў санаторыях, даплаты пенсіянерам, якія працуюць. Так адбываецца замацаванне на радзіме ва ўсіх сэнсах. Толькі адзін факт: у СВК "Радзіма" 84 % працаўнікоў - гэта выпускнікі мясцовых школ. А на вакансіі конкурс як у прэстыжных карпарацыях.

"Радзіма" жыве не толькі вытворчасцю, не хлебам адзіным. Тут і новы храм, лепшы прыход у раёне. Свая Алея славы, дом культуры і нават музей з адноўленай старажытнай кузняй і гасцёўняй, дзе Прэзідэнту прапаноўваюць пакаштаваць сапраўднага вясковага хлеба, без дражджэй і хіміі, як з дзяцінства.

Лідар прызнаецца: следам за ўнікальнымі шакаладнымі рэцэптамі (зараз гэта брэнд кандытараў) хацеў заняцца і хлебнымі. А тут апярэдзілі.

Паказалі лідару і гонар музея - экспанаты з бабуліных і прабабуліных будняў. Зрэшты, моцна не здзівілі. Частку экспанатаў Прэзідэнт не проста ведае, а працаваў з імі асабіста ў сваім дзяцінстве.

Наогул у музеі каля 4 тысяч экспанатаў. Уся гісторыя з 1929 года. Тут і рамёствы, і партызанская адвага, і цяжкія пасляваенныя гады - працадні замест зарплат, і сцягі перадавікоў. Здзівіла сціпласць кіраўнікоў. Вось рабочае месца старшыні - стол, крэсла, пяро, ведамасці, партрэт Леніна. Для большага кантрасту Прэзідэнт просіць папрацаваць за сталом эканаміста сучаснага - Марыю Васілевіч. Прыгажуня мала таго што скончыла эканамічны, дык яшчэ і прыехала павіншаваць бялыніцкіх аграрыяў як "Міс Беларусь - 2018". Тытул абавязвае ззяць на фешэнебельных подыумах, але асабістая сціпласць, выхаванне і сэрца падказваюць бываць і на народных урачыстасцях у гонар малой радзімы і ў Год малой радзімы.

Мы, вядома, спыталіся ў Марыі: ці гатовая яна прыняць прэзідэнцкую прапанову і паспрабаваць сябе ў аграрнай эканоміцы?

У музеі здарылася і яшчэ адна дзіўная гісторыя. Дзяўчына на фота, што сустракала Прэзідэнта кветкам падчас мінулага візіту, сёння дыпламаваны медык. І, як і абяцала лідару тады, вярнулася на малую радзіму.

Гэтую асаблівую адданасць, бадай, самаму нялёгкаму працоўнаму шляху і свайму роднаму краю адзначыў Прэзідэнт, звяртаючыся да мясцовых працаўнікоў. У мясцовым амфітэатры ён таксама гонар "Радзімы".

Сваю ўдзячнасць Прэзідэнт падмацаваў афіцыйнай падзякай калектыву, народным аўтамабілем - ён патрэбны ў гаспадарцы для арганізацыі вяселляў і ўрачыстасцяў.

Плюс лідар падарыў вялікі канцэрт майстроў мастацтваў з усёй Беларусі - яго гукі грымелі над сцэнай летняга амфітэатра да вечара. Народных артыстаў працаўнікі з народа сустракалі і праводзілі авацыямі. Як і Прэзідэнта, які паабяцаў вярнуцца праз год на юбілей СВК, калі, вядома, і аграрыі стрымаюць слова і выведуць не толькі сваю "Радзіму", але і ўвесь Бялыніцкі раён з цяжкага становішча.