Прэзідэнт: адносіны Беларусі з Эквадорам неабходна рэвізаваць

18 мая 2018

Пра гэта Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з міністрам замежных спраў гэтай краіны. Марыя Фернанда Эспіноса Гарсес знаходзіцца ў Мінску з трохдзённым візітам. Эквадор у Лацінскай Амерыцы з'яўляецца для нас той дзяржавай, абапіраючыся на якую можна развіваць супрацоўніцтва і з іншымі краінамі. Прэзідэнт канстатаваў, што ў Беларусі з Эквадорам склаліся добрыя палітычныя адносіны. Падобныя пазіцыі ў міжнародным парадку дня. Мінск і Кіта плённа супрацоўнічаюць ва ўсіх міжнародных арганізацыях, асабліва ў ААН. Асновай жа дарожнай карты дзвюх дзяржаў павінна стаць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва.

Паставіць на паўзу некаторыя праекты прыйшлося праз складаную эканамічную сітуацыю ў Эквадоры. Але ўжо ў 2018 рост тавараабароту відавочны. Краіны нагандлявалі амаль на 45 млн долараў. Праўда, купляем пакуль значна больш як прадаем. У Эквадоры запатрабаваныя нашы ўгнаенні, дрот і нафтапрадукты.

Сімвалічны момант візіту ў Мінск кіраўніка эквадорскай дыпламатыі - прыпынак на плошчы Перамогі. Марыя Фернанда Эспіноса Гарсес усклала вянок да манумента ў цэнтры сталіцы, аддаючы даніну памяці тым, хто гераічна ваяваў за Радзіму.