Прэзідэнт не выключае магчымасць абмеркавання пытання аб карэкціроўцы Канстытуцыі Беларусі

15 марта 2018

Без справядлівых законаў, выразных і лагічных правіл нельга развіваць дзяржаву, у якой на першым месцы - дабрабыт, прававая і сацыяльная абароненасць грамадзян. З гэтых слоў Прэзідэнта пачалася яго сустрэча з суддзямі Канстытуцыйнага суда.

Менавіта на іх ускладзеная асаблівая місія ў забеспячэнні вяршэнства асноўнага закона нашай краіны. Сімвалічна, што гэтая гутарка праходзіць у Дзень Канстытуцыі, з чым Аляксандр Лукашэнка і павіншаваў прысутных. У цэнтры ўвагі - вынікі дзейнасці Канстытуцыйнага суда і прапановы для ўдасканалення працы. Прэзідэнт справядліва адзначыў, што эфектыўнасць дзейнасці судзейскага корпусу ў апошнія гады павышаецца. Яны не проста праводзяць аналіз прававых норм, але і здзяйсняюць кантроль законаў яшчэ да таго, як дакументы будуць занесеныя на подпіс Кіраўніку дзяржавы. Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Прэзідэнт не выключыў, што з часам у Беларусі прыйдуць да абмеркавання пытання аб магчымай карэкціроўцы асноўнага закона.

За апошнія чатыры гады судом у парадку абавязковага папярэдняга кантролю правераная канстытуцыйнасць амаль дзвюх сотняў законаў. Усе былі прызнаныя адпаведнымі асноўнаму закону. Аналізуючы нормы дакументаў, Канстытуцыйны суд зважае на прабелы або супярэчнасці ў іх. У выніку за гэты час было сфармулявана 30 прававых пазіцый, накіраваных на выпраўленне заканадаўчых дэфектаў. Прэзідэнт чакае ад Канстытуцыйнага суда і прапаноў для павышэння эфектыўнасці ўсёй судовай сістэмы. Вопыт і веды дазволяць прадметна ацаніць працу судоў агульнай юрысдыкцыі.