Прэзідэнт: Падатковая сістэма ў Беларусі павінна быць максімальна стабільнай

2 ноября 2015

Такі пасыл прагучаў сёння на нарадзе ў Прэзідэнта, падчас якой абмяркоўвалі асобныя пытанні падаткаабкладання. У прыватнасці, папраўкі закрануць арэндную плату за зямельныя ўчасткі, адміністрацыйныя працэдуры, а гэта спагнанне дзяржпошлін, консульскія зборы і патэнтныя пошліны. І тут, падкрэсліў Прэзідэнт, не ідзе размова аб павелічэнні падаткаў, тым больш улічваючы няпросты эканамічны перыяд. Змяненні ў большай ступені носяць тэхнічны характар і не павінны пагаршаць становішча людзей. Апошнім часам па паляпшэнні падатковай сістэмы ў краіне зрабілі нямала. Колькасць падаткаў зменшылася, іх стала прасцей плаціць, да таго ж амаль кожнае змяненне абмяркоўваюць з бізнесменамі. Зрэшты, рэзервы для аптымізацыі ёсць. У рэаліях і перспектывах падатковай сістэмы разбіраўся Андрэй Лапцёнак.

Пра стабільнасць заканадаўства ў сферы падаткаў пачыналі гаварыць на вялікай лютаўскай нарадзе ў Прэзідэнта. Адным з ключавых пасылаў стаў прынцып роўнасці ўмоў працы для ўсіх суб'ектаў гаспадарання. Запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы змяніць і падыход да выдзялення прэферэнцый. Толькі летась з-за вялікай колькасці льгот бюджэт дзяржавы, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, не дабраў каля мільярда долараў.

Алена Кірэева, загадчык кафедры падаткаў і падаткаабкладання БДЭУ: "Льгота - норма або выключэнне? Гэта звычайны дзяржаўны механізм. На нейкіх этапах развіцця грамадства мы можам прымяняць нейкую льготу, на нейкім іншым этапе мы не павінны гэта рабіць. Г.з. інструменты павінны быць даволі рухомыя. Эканоміка павінны быць гнуткай, пластычнай. Яна павінна ўлічваць тыя ўмовы, якія існуюць. Вядома, колькасць ільгот у памеры 250 гэта не нармальна, гэта не рэальна. Натуральна, шэраг ільгот, якія ў нас існуюць, яны не дзеючыя. Яны ўжо проста адміраюць у сувязі з тым, што эканамічная сітуацыя змянілася".

Падставай зноў звярнуць увагу на эфектыўнасць падатковай сістэмы стала і сённяшняя нарада ў Палацы Рэспублікі. Урад прадставіў дакумент, згодна з якім некаторыя нарматыўна-прававыя акты неабходна прывесці ў адпаведнасць з Падатковым кодэксам. Нагадаю, кодэкс уступіў у сілу з 1 студзеня. Што прапанавана на разгляд Кіраўніка дзяржавы, распавядае Міністр фінансаў Уладзімір Амарын.

Уладзімір Амарын, Міністр фінансаў Беларусі: "Гэта тычылася, у першую чаргу, арэнднай платы за зямлю, што знаходзіцца ў дзяржуласнасці, і прымяненне адміністрацыйных працэдур у частцы спагнання дзяржаўнай пошліны, спагнання дзяржпошліны за допуск транспартных сродкаў да ўдзелу ў дарожным руху, а таксама патэнтавых пошлін, якія выплачваюцца фізічнымі асобамі. Таксама былі прыведзены ў адпаведнасць з нормамі зямельнага падатку льготы, г.з упарадкаваны льготы па арэнднай плаце за зямлю, што знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці".

Аляксандр Лукашэнка згаджаецца, падатковая сфера не можа быць застылай і павінна карэктавацца, але наколькі падрыхтаваны праект указа неабходны для плацельшчыкаў і бюджэту? І ці ўдасца пры захаванні інтарэсаў дзяржавы абараніць інтарэсы грамадзян?

Кіраўнік дзяржавы робіць адсылку да лютаўскай нарады. Тады вызначыліся, падатковая сістэма павінна быць максімальна простай, празрыстай і галоўнае - стабільнай. Гэта важна і для грамадзян, і для нашага прадпрымальніцкага сектара, каб ён працаваў, не баючыся, што ў любы час падатковая схема можа памяняцца, і ён акажацца ў загадзя пройгрышнай сітуацыі.

Варта нагадаць, што падаткі - гэта не толькі фіскальны інструмент, але і стымул для развіцця эканомікі. Г.з. ствараць умовы для росту тых, хто плаціць падаткі, задача дзяржавы. Таму просьба ад бізнесу ў гэтай частцы, па сутнасці, адна - каб усе дзеянні па змяненні падатковай сістэмы былі прадказальныя.

Павел Лашчанка, кіруючы партнёр міжнароднай аўдытарскай кампаніі: "Гэта як раз тое, чаго чакаюць замежныя інвестары і беларуская бізнес-супольнасць. Таму што нестабільнасць у падатковым заканадаўстве, частыя змяненні, павышэнні ставак як раз выклікалі заклапочанасць, зыходзячы з нашых апытанняў замежнай бізнес-супольнасці. Гэта быў адзін з негатыўных фактараў, якія ўплывалі на прыток інвестыцый у Рэспубліку Беларусь. Таму я мяркую, што такая заява вышэйшага кіраўніцтва краіны ў галіне стабільнасці падатковага заканадаўства на найбліжэйшы год вельмі добрая. Асабліва ў перыяд, калі, па сутнасці, часы няпростыя як у нас, так і ў нашых суседзяў".

Дарэчы, у нашых найбліжэйшых суседзяў, расіян, толькі за 2014 год камітэт Дзярждумы па бюджэце і падатках разгледзеў больш за 50 паправак у Падатковы кодэкс. Калі б не частыя змяненні, пазіцыі Расіі ў рэйтынгу Doing Business маглі б быць вышэйшымі.

Беларусь за апошнія 7 гадоў, насуперак скепсісу шматлікіх назіральнікаў, ушчыльную наблізілася да 30-кі краін з найлепшым дзелавым кліматам. Нагадаем, трапіць у ТОП-30 на працягу найбліжэйшых гадоў - такую задачу ставіў перад урадам і парламентам Прэзідэнт. Паслядоўнае паляпшэнне нашых пазіцый, такіх як рэгістрацыя бізнесу або ўласнасці, міжнародны гандаль, выкананне кантрактаў, вывела нас на перадавыя пазіцыі. За некалькі апошніх гадоў удалося аптымізаваць і фіскальную сістэму.

Вось і ў самым свежым, прэстыжным рэйтынгу Сусветнага банка, які ацэньвае ўмовы вядзення бізнесу, падаткаабкладанне ў Беларусі ацанілі зусім нядрэнна. 63-я з амаль 200 краін. І тут эксперты па праве адзначаюць намаганні беларускага ўрада. У сацыяльна арыентаванай эканоміцы, якой з'яўляецца і беларуская эканоміка, зрабіць падаткі нізкімі надзвычай цяжка, зусім іншая справа іх колькасць і працэдуры адміністравання, якія ўдалося істотна спрасціць.

Эфект відавочны, варта нагадаць, што літаральна ў пачатку гэтай пяцігодкі Беларусь была далёка за першай сотняй.

Павел Лашчанка, кіруючы партнёр міжнароднай аўдытарскай кампаніі: "Пяць гадоў таму па ўмовах вядзення бізнесу ў галіне падаткаабкладання, па рэйтынгу Сусветнага банка Doing Business, мы былі фактычна на апошнім месцы. І за пяць гадоў, трэба сказаць, былі зроблены вялікія сур'ёзныя рэформы ў гэтай частцы. Як з пункта гледжання агульнай падатковай нагрузкі, якая была зніжана, так і з пункта гледжання адміністравання падаткаў".

Папулярнае меркаванне ў нашым грамадстве - падатковая нагрузка магла б быць ніжэйшай. Аднак не варта забываць, што калі плаціць падаткі ў меншым памеры, то якім чынам фінансаваць паўсядзённыя і неабходныя выдаткі дзяржавы? Толькі адзін прыклад. Большая частка мясцовых бюджэтаў ідзе на ахову здароўя, адукацыю і камунальную гаспадарку. Вынікі гэтых выдаткаў мы бачым у паўсядзённым жыцці: добраўпарадкаваныя і чыстыя гарады і сельскія населеныя пункты, новыя, адрамантаваныя і абсталяваныя дзіцячыя сады, школы, бальніцы і паліклінікі, спартыўныя комплексы, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі - усё гэта грошы, якія вярнуліся з мясцовага бюджэту ад выплаты намі, у прыватнасці, падатку на зямлю. З пункта погляду эканамічнай аддачы і гэты падатак, і арэндная плата за землекарыстанне вельмі важныя.

Па выніках нарады Кіраўнік дзяржавы адобрыў у цэлым пададзеныя яму на разгляд дакументы, даручыўшы іх дапрацоўку з улікам сённяшніх абмеркаванняў. У найбліжэйшы час дакумент вернецца Прэзідэнту. Гэты год і 2016 стануць часам дашліфоўкі ўсёй падатковай сістэмы.