Прэзідэнт Казахстана сёння прыбывае ў Беларусь з афіцыйным візітам

29 ноября 2017

Сёння ў Мінску чакаюць з афіцыйным візітам прэзідэнта Казахстана. Нурсултан Назарбаеў і Аляксандр Лукашэнка правядуць перамовы ў Палацы Незалежнасці. Чакаецца, што лідары абмяркуюць гандлёвае супрацоўніцтва і развіццё прамысловай кааперацыі. А пазней прымуць удзел у працы сумеснага бізнес-форуму. З падрабязнасцямі - наш карэспандэнт Вольга Анішчанка.

За афіцыйным візітам кіраўніка Казахстана ў Мінск многія справядліва ўбачылі сімвалічнасць. Чвэрць стагоддзя дыпадносін паміж краінамі - свежая вераснёвая дата, якую і падмацоўвае сустрэча лідараў дзвюх дзяржаў. 25 гадоў. За імі вялікі багаж сумесных праектаў у розных галінах і нязменная падтрымка ў шматлікіх міжнародных пытаннях. Бясспрэчна, такія цесныя кантакты - заслуга галоўным чынам прэзідэнтаў. Іх сустрэчы рэгулярныя як на двухбаковай аснове, так і на міжнародных пляцоўках. Лідары неаднаразова падкрэсліваюць, што рознагалоссяў у палітычных поглядах няма. Больш пільнай увагі сёння патрабуюць, мабыць, эканамічныя сувязі.

Дэталёва гаварыць аб эканоміцы і не толькі Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў будуць сёння ў Палацы Незалежнасці. Перамовы пройдуць у вузкім і пашыраным складах. Увага, бясспрэчна, узаемнаму гандлю і кааперацыі. Агульная карціна сёлета пачала выпраўляцца.

Актыўнасць гандлёвых кантактаў прырасла на 65 % да ўзроўню мінулага года. Аднак не варта забываць, што апошні час быў не надта ўдалы для дзвюх краін. Тавараабарот падаў два гады запар. Сёння задача - вярнуцца да лічбы мільярд долараў. Яна не бачыцца недасяжнай. Мінск і Астана так актыўна гандлявалі ўсяго тры гады таму. Тым больш ёсць добры зачын. І гэта не толькі традыцыйныя гандлёвыя пазіцыі, але і сумесныя вытворчасці.

У праграме візіту - удзел у сумесным бізнес-форуме. Ён пройдзе сёння ў выставачным комплексе "Белэкспа". Пасля афіцыйных сустрэч прэзідэнты зазірнуць на яго пляцоўку. Нурсултана Назарбаева суправаджае эліта казахстанскага бізнесу. Банкаўская сфера, лагістыка, вытворчы, аграрны сектар. Прычым высокая планка прадстаўнікоў - усё кіраўніцтва кампаній. Прэзентуюць дзелавы, інвестыцыйны клімат дзвюх краін, пакажуць гучныя праекты.

Удзел кіраўнікоў дзяржаў, несумніўна, надае вагу дыялогу. Гэта сігнал для бізнесу і гарантыя падтрымкі будучых праектаў з боку вышэйшага палітычнага кіраўніцтва. Красамоўная і лічба ўдзельнікаў: больш за 70 кампаній з казахстанскай прапіскай і больш як сотня беларускіх прадпрыемстваў.