Прэзідэнт: Якасць беларускіх камбайнаў павінна адпавядаць узроўню найлепшых сусветных аналагаў

1 августа 2014
Такую задачу сёння паставіў Кіраўнік дзяржавы падчас рабочай паездкі ў Мінскую вобласць. Аляксандр Лукашэнка ацаніў тэхнічныя характарыстыкі новай мадэлі камбайна Палессе GS16. Яго прадукцыйная магутнасць 24 тоны за гадзіну, а прапускная здольнасць 16 кілаграмаў за секунду. Тэст-драйвам новай машыны Прэзідэнт застаўся задаволены. Ужо да наступнай уборачнай кампаніі дзяржава дапаможа набыць 10 такіх агрэгатаў.
На гэты момант аўтапарк краіны налічвае 11 тысяч камбайнаў. Перш, чым новыя машыны выйдуць на палі краіны, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз даручыў праверыць іх тэхнічныя характарыстыкі. Справаздача аб зробленай працы павінна легчы на стол Кіраўніку дзяржавы ў лістападзе.

Сёння Кіраўнік дзяржавы таксама наведаў малочна-таварны комплекс Гастэлаўскае. Яго пабудавалі толькі летась. Усю асноўную працу тут прынялі на сябе рабатызаваныя ўстаноўкі. Аляксандр Лукашэнка цікавіўся ў спецыялістаў эфектыўнасцю і акупнасцю пры выкарыстанні такіх тэхналогій.