Прэзідэнт: Інтарэсы асобных прадпрыемстваў не павінны быць вышэйшымі за прынятыя рашэнні ў ЕАЭС

14 мая 2018

Інтарэсы асобных прадпрыемстваў часам ставяцца вышэй за прынятыя рашэнні ў ЕАЭС. Сёння пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Сочы.

За мінулыя тры з паловай гады існавання інтэграцыйнага аб'яднання зроблена вялікая праца па пытаннях міждзяржаўнага ўзаемадзеяння. Аднак эфектыўнасць мерапрыемстваў, што праводзяцца, усё яшчэ пакідае жадаць лепшага. Шматлікія дамоўленасці застаюцца па-ранейшаму нерэалізаванымі.

Паспяховым этапам сумеснай працы краін у ЕАЭС Кіраўнік дзяржавы назваў распрацаваны праект палажэння аб статусе дзяржавы-назіральніка. Аднак перасцярог ад неабдуманых крокаў, асабліва калі краіны не гатовыя да наладжвання больш цесных кантактаў з арганізацыяй. Аляксандр Лукашэнка заклікаў таксама краіны саюза не абменьвацца ўзаемнымі прэтэнзіямі праз СМІ, а спрэчкі вырашаць цывілізавана.

Беларусь падтрымлівае прыняты лічбавы парадак дня Еўразійскага эканамічнага саюза да 2025 года. Гатовая ўдзельнічаць у ініцыятывах у сферы лічбавага гандлю, электроннай лагістыкі і лічбавых транспартных калідораў. На думку беларускага лідара, неабходна стварыць сумесныя тэхнічныя і прававыя ўмовы, якія дазваляюць аб'ядноўваць нацыянальныя сістэмы краін у інтэграцыйныя лічбавыя платформы.