Прэзідэнт даў старт новай лініі на Светлагорскім цэлюлозна-кардонным камбінаце

14 февраля 2020
Максімальна глыбокая перапрацоўка драўніны ў Беларусі і поўная адмова ад экспарту нізкапрыбытковай прадукцыі. Гэтую ключавую пазіцыю па галіне пацвердзіў сёння беларускі лідар, калі наведваў Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат. Камбінат з 2012 года ў стане бесперапыннай мадэрнізацыі. Тэрміны былі расцягнутыя ў асноўным праз нядобрасумленных замежных падрадчыкаў. Выводзіць завод на поўную магутнасць прыходзіцца ў адзіночку сіламі мясцовых спецыялістаў. Сёння Кіраўнік дзяржавы даў старт новай лініі па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы.

Сама цэлюлоза - таксама толькі паўфабрыкат. І для таго каб максімальна рупліва выкарыстаць драўніну, неабходны свой выпуск гатовай прадукцыі. А гэта, напрыклад, шпалеры, кардон, офісная папера, экапакаванне, сурвэткі і папяровыя рушнікі. Адгэтуль даручэнне Прэзідэнта - дапоўніць магутнасці завода яшчэ адным цэхам. Праект дарагі, але ён акупіцца, улічваючы новыя экалагічныя стандарты ў Беларусі і паскораны пераход з пластыку на зялёную тару і ўпакоўку.


Віскозная цэлюлоза - made in Belarus

Не плануюць адкладваць і яшчэ адзін праект - вытворчасць віскознай цэлюлозы. Яна значна больш трывалая і выкарыстоўваецца як у побыце - ад тканіны да пакавання, так і ў вытворчасці - у выглядзе плёнкі і шырокага спектру пакрыццяў. Падчас размовы з калектывам камбіната Прэзідэнт падзякаваў спецыялістам за добрую працу і арыентаваў на скарэйшае замяшчэнне імпарту і выхад на новыя экспартныя рынкі. Дарэчы, апошнія набыцці Светлагорска - гэта рынкі Казахстана і Кітая. Традыцыйна шчыра Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанні завадчан. Яны датычыліся будучыні прадпрыемства, дыверсіфікацыі нафтавых паставак, экалогіі і клімату. 


Комплексная інспекцыя - новы падыход

Прэзідэнт не здрадзіў сваёй практыцы і кардынальна змяніў маршрут. Кіраўнік дзяржавы наведаў домабудаўнічы камбінат і завод жалезабетонных вырабаў. Дарэчы, напярэдадні па даручэнні Аляксандра Лукашэнкі рэгіён падрабязна вывучылі вышэйшыя службовыя асобы: кіраўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта, Камітэта дзяржкантролю і верхняй палаты парламента. Практыка новая, удалая і будзе ўжывацца і далей. Так імпульс да развіцця атрымае не адно, хай нават праблемнае прадпрыемства, а цэлы горад, раён або галіна.