Прэзідэнт: Беларускія трасы неабходна прывесці ў парадак за 3-4 гады

5 апреля 2017

Прывесці ў парадак за 3-4 гады - такое даручэнне наконт дарог Беларусі даў сёння Кіраўнік дзяржавы. У Палацы Незалежнасці прайшла профільная нарада.

Прааналізаваць праблемы ў гэтай сферы Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў яшчэ ў снежні падчас адкрыцця другой кальцавой. Апошні час вялікая ўвага надавалася развіццю рэспубліканскіх трас, стан жа мясцовых дарог адышоў на другі план. І зараз неабходна вырашыць пытанні, звязаныя з рэгіянальнымі трасамі. Пры гэтым ад 6 да 10 тысяч кіламетраў пакрыцця ў Беларусі патрабуюць неадкладнага рамонту.

Адной з ключавых тэм нарады стала фінансаванне развіцця сеткі рэгіянальных аўтадарог. Прэзідэнт адзначыў, што мясцовыя ўлады часта спасылаюцца на недахоп сродкаў. Ужо пасля завяршэння гутаркі Міністр фінансаў Уладзімір Амарын растлумачыў журналістам, як будуць размяркоўвацца грошы.

Уладзімір Амарын, Міністр фінансаў Беларусі:

"На правядзенне капітальнага рамонту і прывядзенне ў парадак мясцовых аўтамабільных дарог у перыяд з 17-га па 20-ы год будзе накіравана каля 900 мільёнаў рублёў. Гэта сродкі рэспубліканскага дарожнага фонду і мясцовых бюджэтаў. У першую чаргу будуць накіроўвацца сродкі дзяржаўнай пошліны, якая спаганяецца за допуск аўтатранспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. З гэтых 900 мільёнаў прыкладна 40 % будуць сродкі, якія паступаюць ад збірання дзяржпошліны. Ужо ў бягучым годзе будзе накіравана на паляпшэнне мясцовых дарог каля 120 мільёнаў рублёў за кошт гэтых крыніц".

На нарадзе, якая доўжылася каля трох гадзін, дэталёва абмеркавалі не толькі фінансавыя пытанні, але і разгледзелі тэхнічныя аспекты рэканструкцыі дарог. Галоўныя крытэрыі, як і раней, эфектыўнае выкарыстанне сродкаў, граматныя тэхнічныя рашэнні і гаспадарскі падыход. У цэлым мясцовыя аўтадарогі сёння звязваюць 23 тысячы населеных пунктаў, у тым ліку і пад'езды да прамысловых і сельскагаспадарчых аб'ектаў, санаторыяў, а таксама помнікаў. Удасканаленае пакрыццё маюць менш за палову мясцовых магістраляў. Усяго ў краіне 71 тысяча кіламетраў рэгіянальных трас.