Прэзідэнт: Беларускія анколагі годныя Нобелеўскай прэміі

29 декабря 2017

Беларускія анколагі годныя Нобелеўскай прэміі. Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт, наведваючы Мінскі анкалагічны дыспансер.

Рашэнне аб яго рэканструкцыі і будаўніцтве новага радыелагічнага корпуса прынялі яшчэ ў 2011. Зараз тут будзе функцыянаваць найбуйнейшае ў Еўропе аддзяленне ядзернай медыцыны. Гэта прыкметна павялічыць магчымасці лячэння і дыягностыкі тых, хто пакутуе ад раку шчытападобнай залозы. У выніку ўдаецца не дапускаць росту смяротнасці ад такіх паталогій. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тэхналогіямі, якія выкарыстоўваюць нашы ўрачы. Лячэнне анкахворых у Беларусі знаходзіцца на ўзроўні Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША. Наш вопыт - прыклад для іншых краін. Гэта заключэнне Сусветнай арганізацыі аховы здароўя і Міжнароднага агенцтва па вывучэнні раку. Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з пацыентамі, якія ўжо ідуць на папраўку. Для іх і падарункі ад Кіраўніка дзяржавы. Але галоўнае - пацыенты абноўленага цэнтра змогуць пачаць другое жыццё. Ужо пасля Прэзідэнт адказаў на пытанні журналістаў. Адно з іх тычылася падтрымкі мацярынства і дзяцінства.

На фінішы 2017 журналісты задалі Кіраўніку беларускай дзяржавы шэраг пытанняў. Цікавіла прэсу, якімі будуць прыярытэты не толькі ў сацыяльнай сферы, але і ў знешняй палітыцы. Прэзідэнт анансаваў шэраг замежных візітаў, у тым ліку на амерыканскі кантынент .

Гэтым разам зносіны з прэсай завяршыліся на святочнай ноце. Мабыць, упершыню прадстаўнікі СМІ падарылі Кіраўніку дзяржавы падарунак. Улічваючы, што сустрэча праходзіць у пераднавагодні час, хацелася, каб прэзент быў з сэнсам і асацыяваўся са святамі. Спецыяльна быў зроблены эксклюзіўны набор ёлачных упрыгажэнняў. Дызайн падбіралі журналісты. На распісаных уручную ёлачных шарах - знакавыя месцы з усіх рэгіёнаў Беларусі. Гэта архітэктура старажытнага Полацка, Мірскі і Нясвіжскі замкі, Палац Незалежнасці, спартыўныя і рэлігійныя аб'екты, краявіды Белавежскай пушчы і шмат іншага. Не абышлі бокам і  малую радзіму Кіраўніка дзяржавы. На адным з шароў намаляваны  родны дом Аляксандра Лукашэнкі  ў Шклоўскім раёне.