Прэзідэнт Беларусі заўтра здзейсніць афіцыйны візіт у Турцыю

15 апреля 2019

Кіраўнік дзяржавы правядзе ў Анкары перамовы з Рэджэпам Таіпам Эрдаганам. Лідары абмяркуюць палітычныя пытанні, развіццё гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння, яго напаўненне новымі ўзаемавыгаднымі праектамі. Па выніках чакаецца падпісанне пакета міжнародных дакументаў. У гэты ж дзень у Анкары пройдзе сустрэча дзелавых колаў дзвюх краін.

Пра тое, што Беларусь і Турцыя маюць намер выйсці на новы ўзровень адносін, Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю найбуйнейшаму агенцтву навін гэтай краіны "Анадолу" - яно ўжо апублікаванае. Размова перад візітам беларускага лідара ў Турцыю атрымалася грунтоўная. Спектр тэм быў самы шырокі: ад пытанняў міжнароднай палітыкі да перспектыў двухбаковых адносін. Мінск і Анкара апошні час актыўна развіваюць супрацоўніцтва, і перамовы на вышэйшым узроўні стануць магчымасцю абмеркаваць сумесныя праекты і развіццё гандлю паміж краінамі. 

Навіны найбуйнейшага інфармагенцтва Турцыі выходзяць на дзясятку моў у 45 дзяржавах. Такім чынам, аўдыторыя ў гэтых краінах зможа дакладна даведацца пра пазіцыю Беларусі ў пытаннях глабальнай палітыкі і эканомікі. 

Поўную версію інтэрв'ю Аляксандра Лукашэнкі інфармагенцтву "Анадолу"  глядзіце сёння ўвечар у эфіры "Беларусь 1".