Прэзідэнт Беларусі заўтра звернецца са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу

20 апреля 2016

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заўтра, 21 красавіка, звернецца са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Выступленне Кіраўніка дзяржавы будзе трансліравацца ў прамым эфіры па тэлеканале "Беларусь 1" і Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Трансляцыя з Авальнай залы Дома ўрада пачнецца ў 11:00. Тэлеверсія Паслання будзе паказаная ў 21:00 у эфіры беларускіх тэлеканалаў.

Прэс-сакратар Прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант расказала, якія тэмы стануць асноўнымі ў Пасланні: "Структура Паслання ў цэлым застанецца традыцыйнай. Яно будзе складацца з некалькіх вялікіх тэматычных блокаў. Цэнтральным і, як плануецца, самым маштабным стане эканамічны блок. Тут размова пойдзе перш за ўсё аб задачах і планах на цяперашні год".

Самыя актуальныя пытанні будуць закранутыя Кіраўніком дзяржавы і ў частцы, што датычыцца сацыяльнай палітыкі. Гэта ўдасканаленне пенсіённай сістэмы, аховы здароўя, адукацыі і многае іншае. Акрамя таго, размова будзе ісці аб прыярытэтах знешняй палітыкі Беларусі, аб кадравай стратэгіі і іншых надзённых пытаннях.

Склад удзельнікаў мерапрыемства таксама дастаткова традыцыйны. У Авальную залу беларускага парламента запрошаныя вышэйшыя службовыя асобы краіны, члены ўрада, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, буйных прадпрыемстваў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, сродкаў масавай інфармацыі.