Прэзідэнт Беларусі заслухаў даклад аб экспарце круглых лесаматэрыялаў

24 января 2017

Тэма выкарыстання лясных рэсурсаў стала прадметам вялікай дыскусіі ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння заслухаў даклад аб экспарце круглых лесаматэрыялаў. І зноў гучыць патрабаванне Кіраўніка дзяржавы забяспечыць перапрацоўку ўсёй драўніны ўнутры краіны. Неапрацаваная сыравіна на экспарт пад забаронай. Яшчэ год таму быў прыняты ўказ, накіраваны на абарону ляснога фонду, развіццё дрэваапрацоўчай прамысловасці краіны і стварэнне новых рабочых месцаў. Аднак свае карэктывы ў дзеянне дакумента ўнесла непагадзь. Калі на Беларусь абрынуліся ўраганныя вятры і быў зафіксаваны масавы вал дрэў, тады (як выключная мера) Мінлясгас атрымаў дазвол на экспарт 4 мільёнаў кубаметраў сыравіны. А значыць далей трэба апрацоўваць, развіваць і ствараць у Беларусі. Тым часам урад зноў выступае з прапановай прадоўжыць дзеянне экспартных квот на лес. Плюс да ўсяго фіксуюцца выпадкі вывазу за мяжу драўніны па шэрых схемах. Прэзідэнт папярэджвае аб адказнасці тых, хто дапускае такія факты і патрабуе навесці парадак.

Аб эфектыўнасці выкарыстання драўняных рэсурсаў - Ілона Красуцкая.

Развіваць і мадэрнізаваць дрэваапрацоўку Прэзідэнт Беларусі распарадзіўся яшчэ ў 2007. Пад дзеянне ўказа трапілі 9 базавых прадпрыемстваў. Заводы атрымалі ад дзяржавы прэферэнцыі па выплаце падаткаў і мытных пошлін. Гэтая праграма стала адной з самых маштабных у краіне. У аздараўленне галіны дзяржава ўклала больш за мільярд еўра.

Будучыня беларускай дрэваапрацоўкі і ляснога фонду традыцыйна некалькі разоў на год становіцца тэмай вялікай нарады ў Прэзідэнта. Гэтым разам прадмет дыскусіі - экспарт круглых лесаматэрыялаў. Са студзеня мінулага года ўказам Прэзідэнта забаронены пастаўкі за мяжу неапрацаванай драўніны.

Выключэнне, мабыць, толькі форс-мажорныя акалічнасці, напрыклад, масавы вал дрэў з-за ўрагану. Гаворачы шчыра, у плане мадэрнізацыі да фінішнай прамой яшчэ далёка асобным прадпрыемствам. Заводы не дазагружаны, а вось сыравіны ў Беларусі ў лішку. Летась нарыхтаваны рэкордны аб'ём - 21 мільён кубаметраў. Урад звяртаецца да Кіраўніка дзяржавы з просьбай прадоўжыць экспартныя квоты.

У 2016 і першай палове гэтага года Мінлясгас атрымаў дазвол экспартаваць каля 4 мільёнаў кубаметраў кругляка. Гэта распілаванае бярвенне, у тым ліку і лес, павалены ліпеньскімі ўраганамі. Так, засталіся ў плюсе. Выручка ад экспарту склала больш за 80 мільёнаў долараў, рэнтабельнасць продажаў звыш 25 %. Тым не менш тэзіс Прэзідэнта падтрымліваюць і самі вытворцы. Лепш выдаткаваць час, перапрацаваць у сябе, але зарабіць куды больш.

Мінлясгас Беларусі экспартуе драўніну ў 3 дзясяткі краін. Асноўныя рынкі: Польшча, Літва, Германія, Латвія. З-за недахопу ўласнай сыравіны сярод нашых пакупнікоў і стратэгічны партнёр - Кітай. Там высечка лесу забаронена зусім, зрэшты, як і на Філіпінах, у Шры-Ланцы, Тайландзе і В'етнаме. У тым ліку і заканадаўства Еўрасаюза істотна абмяжоўвае высечку, экспарт драўніны, асабліва круглых лесаматэрыялаў. Сёлета за мяжу з Беларусі адправіцца партыя амаль 2 мільёны кубаметраў кругляка. Але Кіраўнік дзяржавы папярэджвае Мінлясгас, гэты дазвол - апошні.

Зрэшты, ведамства настроена пазітыўна. Экспарт лесу не разглядаецца як самамэта. Асноўная задача па-ранейшаму ў забеспячэнні сыравінай унутранага рынку і як вынік - выпуск экспартна арыентаванай прадукцыі. У лістападзе адкрыецца новы завод Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната. Менавіта на гэта прадпрыемства будзе пастаўляцца той аб'ём драўніны, які зараз экспартуецца за мяжу ў круглым выглядзе.

Яшчэ адно ключавое пытанне - выкараненне шэрых схем вывазу драўніны. Старшыня камітэта дакладвае: прэцэдэнты ёсць. Фактычна неапрацаваную драўніну маскіруюць і за мяжой прадаюць удвая даражэй. Каб піловачнік не ішоў на экспарт пад выглядам калоў і слупоў, меры прыняў урад. Пастанова аб ліцэнзаванні гэтых відаў прадукцыі ўступае ў сілу 1 лютага.

Драўніну, нарыхтаваную арганізацыямі Мінлясгаса, перапрацоўваюць 70 прадпрыемстваў. Невыпадкова за мяжой аб Беларусі замацавалася слава мэблевай дзяржавы. У краіне працуюць звыш 600 вытворчасцяў. Задачы ўсё тыя ж: рэнтабельная праца і пошук новых рынкаў.

Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Мэбля ў Палацы Незалежнасці беларускай вытворчасці. Знакамітая зялёная зала, дзе праходзілі 15-гадзінныя перамовы "нармандскай чацвёркі". Стол вытворчасці Пінскдрэва, канапы Маладзечнамэблі. Зрэшты, яны ўпрыгожваюць не толькі рэзідэнцыю беларускага лідара, але і іншых прэзідэнтаў, дамы зорак шоу-бізнесу і спорту па ўсім свеце.

Гаварылі ў Палацы Незалежнасці і аб добраўпарадкаванні лясных масіваў. Наступствы ліпеньскага ўрагану ў прамым сэнсе разграбаюць дагэтуль. Стыхія пашкодзіла звыш 4 мільёнаў кубаметраў драўніны. Больш пацярпелі лясы Чэрвеньскага і Смалевіцкага раёнаў, узрост якіх перавышае 100 гадоў.

Дата 1 мая стане апошняй для навядзення парадку ў лясах Беларусі. І гэта ўжо справа прынцыпу: лес - набытак Беларусі і значны артыкул прыбыткаў. Парушальнікаў пакараюць рублём. Кіраўнік дзяржавы прапануе павялічыць штрафы за вываз смецця на тэрыторыю лясных масіваў. Зрэшты, тэма, з якой сёння пачыналася вялікая гутарка, - экспарт круглай драўніны - закрыта. Ва ўсім павінен быць гаспадарскі падыход. Гэтая забарона адначасова абарона ляснога фонду, развіццё дрэваапрацоўчай прамысловасці і галоўнае - клопат пра людзей: новыя рабочыя месцы.