Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з міністрам развіцця і фінансаў Польшчы

24 октября 2016

Стасункі Беларусі і Польшчы могуць быць больш цеснымі. І фундаментам для развіцця такога ўзаемадзеяння павінна стаць эканоміка. Аб узняцці планкі ва ўзаемным гандлі і ў супрацоўніцтве дзвюх краін у цэлым гаварылі сёння ў Мінску. У Беларусь прыбыла прадстаўнічая дэлегацыя Польшчы - паўтары сотні бізнесменаў на чале з віцэ-прэм'ерам. Сёння з Матэвушам Маравецкім сустрэўся Прэзідэнт Беларусі. Менавіта на ўмацаванні эканамічных сувязяў Аляксандр Лукашэнка зрабіў акцэнт. Аб усім па парадку - Вольга Макей.

Пра тое, што ў дыялогу Мінска і Варшавы намеціліся зрухі, сёння гавораць не толькі ў экспертных колах. Пра гэта сведчыць і шэраг сустрэч апошняга часу. Паўгода таму ў Беларусь прыязджаў міністр замежных спраў Польшчы, у кастрычніку кіраўнік беларускага МЗС наведваў Варшаву. І вось сёння зноў перамовы і ў бізнес-колах, і на вышэйшым узроўні.

Праграма візіту польскай дэлегацыі распісана літаральна па хвілінах. Таму нават бавячы час, польскі віцэ-прэм'ер паспявае пагутарыць аб чымсьці з міністрам замежных спраў Беларусі. Канкрэтныя праекты і бізнес-ідэі яшчэ трэба будзе абмеркаваць з дзелавымі коламі. У першую чаргу - глабальныя планы супрацоўніцтва. Пра іх на сустрэчы з кіраўніцтвам краіны.

Віцэ-прэм'ер Матэвуш Маравецкі палітык малады, яму 48. Прызнаецца, у Беларусі ўпершыню, але аб нашай краіне яму распавядалі дзеці. Зараз абяцае - зробіць усё, каб супрацоўніцтва Мінска і Варшавы стала прадукцыйным.

У склад польскага ўрада Матэвуш Маравецкі ўвайшоў год таму з пасады кіраўніка трэцяга па велічыні банка краіны, да гэтага сферы фінансаў прысвяціў 25 гадоў. Зараз, займаючы пост намесніка старшыні Савета Міністраў, сумяшчае адразу некалькі пасад - міністра фінансаў і міністра развіцця Польшчы.

Развіццё адносін з Беларуссю - адна з прыярытэтных задач яго ўрада, скажа віцэ-прэм'ер. А пацвярджае гэта рэкордны склад польскай дэлегацыі. У Мінск прыехалі 150 бізнесменаў. Такую цікавасць падмацоўвае галоўны тэзіс: эканоміка - лепшая база для супрацоўніцтва краін.

Сфера палітыкі. На гэтым шляху паміж Мінскам і Варшавай зараз рух насустрач. Як скажа Аляксандр Лукашэнка, ёсць тэндэнцыя да больш цесных адносін. Галоўнае, каб на гэтай дарозе ў будучыні не з'явіліся новыя перашкоды.

Матэвуш Маравецкі, намеснік старшыні Савета Міністраў, Міністр развіцця і фінансаў Польшчы: "Хацеў бы падпісацца пад вашымі словамі, што тавараабарот і эканамічнае супрацоўніцтва з'яўляюцца добрай базай для развіцця супрацоўніцтва і ў іншых галінах. Польшча з'яўляецца пагранічнай краінай у ЕС для выхаду на Усход, а Беларусь - пагранічная краіна для выхаду краін ЕАЭС на Захад. Мы можам гэта сумесна выкарыстаць, у тым ліку ў рамках развіцця "Шаўковага шляху". Калі нашаму супрацоўніцтву нешта перашкаджае, гэтыя пытанні мы гатовыя хутка абмеркаваць і знайсці рашэнні. Ужо сёння да сустрэчы з вамі мы гаварылі пра беларускія трактары і пастаўкі беларускага цэменту ў Польшчу. Мы хочам, каб супрацоўніцтва давала карысць абодвум бакам".

Падчас сустрэчы дамовіліся: каб не адкладваць планы на доўгі час, віцэ-прэм'еры дзвюх краін складуць спіс канкрэтных двухбаковых праектаў, а праз паўгода сустрэнуцца зноў, каб абмеркаваць зробленае. Бо менавіта з малога, з сумесных ідэй і наладжваюцца глабальныя адносіны.

Гаварылі аб супрацоўніцтве ў банкаўскім сектары, стварэнні агульных прадпрыемстваў, захаванні культурнай спадчыны. Дарэчы, у Беларусі жывуць каля 300 тысяч палякаў. Гэта трэцяя па колькасці нацыянальнасць у краіне. Зрэшты, беларусы прывыклі з усімі жыць у міры. Яркае таму пацвярджэнне - галоўны касцёл (а большасць палякаў - католікі) у Мінску літаральна за некалькі метраў ад праваслаўнага.