Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з міністрам замежных спраў Эквадора

18 мая 2018

Адносіны Беларусі з Эквадорам неабходна рэвізаваць. Сёння пра гэта заявіў Прэзідэнт на сустрэчы з міністрам замежных спраў гэтай краіны. Марыя Фернанда Эспіноса Гарсес у Мінску з трохдзённым візітам. Эквадор у Лацінскай Амерыцы - гэта тая дзяржава, абапіраючыся на якую можна развіваць супрацоўніцтва і з іншымі краінамі. Прэзідэнт канстатаваў, што ў Беларусі з Эквадорам склаліся добрыя палітычныя адносіны, падобныя пазіцыі ў міжнародным парадку дня. Мінск і Кіта плённа супрацоўнічаюць ва ўсіх міжнародных арганізацыях, асабліва ў ААН. Асновай жа дарожнай карты дзвюх дзяржаў павінна стаць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва.

Зрабіць паўзу ў рэалізацыі некаторых праектаў прыйшлося з-за складанай эканамічнай сітуацыі ў Эквадоры. Але ўжо сёлета назіраецца прыкметны рост тавараабароту: краіны нагандлявалі амаль на 45 мільёнаў долараў. Праўда, купляем пакуль значна больш, чым прадаем. У Эквадоры запатрабаваныя нашы ўгнаенні, дрот і нафтапрадукты.

Марыя Фернанда Эспіноса Гарсес, Міністр замежных спраў Эквадора: "За апошнія гады мы дастаткова зблізіліся ў адносінах паміж дзвюма краінамі. Ёсць вялікі ўнёсак Беларусі ў развіццё нафтавага сектара ў Эквадоры. Ёсць таксама патэнцыял далейшай працы ў сферы энергетыкі і сельскай гаспадаркі".

Сімвалічны момант візіту ў Мінск кіраўніка эквадорскай дыпламатыі - прыпынак на плошчы Перамогі. Марыя Фернанда Эспіноса Гарсес усклала вянок да манумента ў цэнтры сталіцы, аддаючы даніну памяці тым, хто гераічна ваяваў за Радзіму.