Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з губернатарам Яраслаўскай вобласці Расіі

12 апреля 2018

Беларусь прапаноўвае Яраслаўскай вобласці свой удзел у інфраструктурных праектах і дзяржаўных праграмах. Пра гэта сёння заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам расійскага рэгіёна.

Дзмітрый Міронаў у Беларусі ўпершыню. Афіцыйна на пасадзе губернатара ён крыху больш як паўгода, да гэтага часова выконваў абавязкі. Яшчэ да візіту ў Палац Незалежнасці яму атрымалася асабіста пазнаёміцца з беларускім Прэзідэнтам. Як і Аляксандр Лукашэнка, Дзмітрый Міронаў - вялікі аматар хакея. У таварыскім матчы на "Чыжоўка-Арэне" каманда Прэзідэнта Беларусі згуляла з ветэранамі яраслаўскага хакея і атрымала ўпэўненую перамогу 9:7. Зрэшты, сёння ў Палацы Незалежнасці адбылася вялікая гутарка пра эканамічныя перамогі, якія ўжо адбыліся і якія яшчэ будуць. Структурай рэгіён шмат у чым падобны да Беларусі. Заўсёды быў важным гандлёвым партнёрам. Лічба ўзаемнага гандлю - больш за 350 мільёнаў долараў за мінулы год, гэта перавышае аб'ём супрацоўніцтва з некаторымі нашымі замежнымі партнёрамі.

Гіганты беларускага аўтапрама актыўна развіваюць дзелавыя кантакты з вытворцамі яраслаўскіх рухавікоў. Створаныя і тэхналагічныя ланцужкі ў станкабудаванні, нафтахіміі. Беларусь прапаноўвае новыя праекты ў прамысловай кааперацыі, свой удзел у інфраструктурных праектах, павелічэнні паставак пасажырскай, камунальнай тэхнікі і мяса-малочнай прадукцыі, якую ўжо даўно ўпадабалі не толькі ў сталіцы Залатога кальца.

Беларусь і Яраслаўскую вобласць аб'ядноўвае і агульная гісторыя. Яшчэ ў Першую сусветную вайну шматлікія беларусы ратаваліся ад бедства на тэрыторыі Яраслаўскай вобласці. А ў Вялікую Айчынную вайну ў Яраслаўль былі эвакуіраваныя дзясяткі прадпрыемстваў. Сёння дэлегацыя гэтага расійскага рэгіёна ўшанавала памяць кожнага трэцяга беларуса, загінуўшага ў гэтай страшнай вайне. Госці ўсклалі кветкі да манумента Перамогі ў цэнтры Мінска. У праграме візіту Яраслаўскай дэлегацыі перамовы ва ўрадзе, наведванне Мінскага аўтамабільнага завода і пасяджэнне рабочай групы па супрацоўніцтве.