Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з губернатарам Карэліі

13 декабря 2018

Беларусь прапаноўвае Карэліі пастаўкі тэхнікі, прадуктаў харчавання і супрацоўніцтва ў АПК.

Перспектыўныя напрамкі сумеснай працы сёння ў Палацы Незалежнасці Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка абмяркоўваў з кіраўніком гэтай паўночнай рэспублікі Артурам Парфенчыкавым. Беларусь і Карэлія гатовы стварыць сумеснае прадпрыемства па вытворчасці лесанарыхтоўчай тэхнікі. "Амкадор" з мясцовым трактарным заводам запусціць у Петразаводску адразу два цэхі на тысячу рабочых месцаў. Наш Прэзідэнт падкрэсліў, што супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі заўсёды было прыярытэтам. Дзяржавы звязаны тысячамі ніцей.  Беларусь і Расія заўсёды знаходзілі рашэнні па няпростых пытаннях двухбаковага парадку дня. Гэта важна, улічваючы якая цікавасць да агульных праектаў  ёсць у рэгіёнах. Моцныя сувязі шануюць  і нашы людзі. А пра губернатара Карэліі менавіта так і можна сказаць - наш чалавек.  У Артура Парфенчыкава  беларускія карані, яго бацька родам са Жлобіна.

Таксама Беларусь гатова дапамагчы ў развіцці сельскай гаспадаркі ў Карэліі і ўзвядзенні жылых мікрараёнаў пад ключ. Нам цікавы вопыт Петразаводска ў рыбнай галіне, прычым ёсць намер не проста закупліваць гатовую прадукцыю, а браць сыравіну і перапрацоўваць на сваіх заводах. Уваходзіць у планы і сумеснае нарошчванне тавараабароту да 100 мільёнаў долараў за найбліжэйшыя два гады.

Адзначым, напярэдадні ва ўрадзе бакі адобрылі і падпісалі план мерапрыемстваў.

У Карэліі жыве амаль 25 000 нашых суайчыннікаў. Гэта трэцяя па колькасці насельніцтва нацыянальнасць у паўночнай рэспубліцы. Больш за тое, там нават з'явілася цэлая нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў, якая імкнецца не губляць сувязі з радзімай. Таму разгледзяць бакі і стварэнне прамой авіясувязі паміж Мінскам і Петразаводскам.