Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з кіраўніком Федэральнага дэпартамента замежных спраў Швейцарыі

13 февраля 2020
Добрыя палітычныя адносіны паміж Беларуссю і Швейцарыяй трэба канвертаваць у рэальную эканоміку. Бізнес можа разлічваць на выгадныя ўмовы працы і інвеставання ў нас. Такі важны акцэнт ад нашага Прэзідэнта прагучаў сёння на сустрэчы з  кіраўніком Федэральнага дэпартамента замежных спраў гэтай краіны. Іньяцыа Касіс - адзін з сямі членаў швейцарскага федэральнага ўрада, які па сутнасці з'яўляецца калектыўным кіраўніком дзяржавы. Палітык адказвае менавіта за знешнія сувязі. Гэта першы ў гісторыі двухбаковых адносін візіт у Беларусь афіцыйнага прадстаўніка Швейцарыі такога ўзроўню. 


Беларусь гатова прапанаваць швейцарскаму бізнесу самыя выгадныя ўмовы

Швейцарыя  славіцца не толькі гадзіннікамі, сырам  і шакаладам, але гэта яшчэ і адзін з сусветных фінансавых цэнтраў. Што да нашай агульнай эканомікі і супрацоўніцтва, то апошнім часам дасягнуты рэкордныя паказчыкі  па росце беларускага экспарту. Тавараабарот паміж краінамі перавысіў чвэрць мільярда долараў.  Швейцарыя ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых інвестараў у Беларусь. У нас дзейнічае больш за сто кампаній са швейцарскім капіталам. Цікавасць да Беларусі расце - невыпадкова Швейцарыя адкрыва ў Мінску паўнацэннае пасольства.