Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з кіраўніком Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў

1 марта 2018

Падрыхтоўку II Еўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у Мінску летам наступнага года, сёння абмяркоўвалі ў Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт сустрэўся з кіраўніком Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў.

Янез Качыянчыч - часты госць у беларускай сталіцы, добра знаёмы з функцыяналам кожнага са спортаб’ектаў, таму і высока ацаніў працэс падрыхтоўкі. Самай запатрабаванай падчас гульняў стане "Мінск-Арэна". Тут чакаюць гімнастаў, батутыстаў, веласіпедыстаў і акрабатаў. На "Чыжоўка-Арэне" пройдуць спаборніцтвы па дзюдо і каратэ, у Палацы спорту - барацьба і самба. Усяго для Еўрагульняў задзейнічаюць 12 аб'ектаў. Адзін з ключавых - стадыён "Дынама". Яго абяцаюць адкрыць ужо 21 чэрвеня. Бо на наступны дзень запланаваны лёгкаатлетычны паядынак паміж зборнымі Беларусі, балканскіх краін і краін Персідскага заліва. Падчас II Еўрагульняў на "Дынама" пройдуць спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, цырымоніі адкрыцця і закрыцця гульняў.

II Еўрапейскія гульні пройдуць у нашай краіне з 21 па 30 чэрвеня наступнага года. У Беларусь прыедуць 4 тысячы спартсменаў, каля 2 тысяч трэнераў і афіцыйных прадстаўнікоў дэлегацый. Сярод гасцей чакаецца і прысутнасць кіраўнікоў дзяржаў, прэм'ер-міністраў і іншых высокапастаўленых асоб Еўропы. Асвятляць спартыўную падзею будуць звыш тысячы журналістаў. У Мінску разыграюць 206 камплектаў медалёў у 15 відах спорту, а 10 з іх стануць адборачнымі на Алімпіяду ў Токіа.