Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з Еўракамісарам Іаханесам Ханам

21 июня 2018

Зусім не спартыўная, а зусім канкрэтная цікавасць у Беларусі да Еўрасаюза. Аб развіцці адносін ішла размова падчас гутаркі Прэзідэнта з Еўракамісарам Іаханесам Ханам. Апошнія гады, варта адзначыць, адносіны Беларусі з Еўрасаюзам развіваюцца пазітыўна.

Зараз акцэнт на эканоміку. Мінск заўсёды быў добрым транзітным акном для Еўропы, не ствараючы перашкод для капіталу і бізнесу. У адказ чакаюць таго ж - большай адкрытасці і жадання ісці насустрач. Цікавасць узмацняць гандлёва-эканамічныя сувязі заканамерная. Еўрасаюз другі па значнасці рынак для беларускага экспарту.

Адзначылі і ўдзел Беларусі ва "Усходнім партнёрстве". Рэгіянальныя праекты ў рамках гэтай ініцыятывы - добры прыклад скіраванасці на эканамічнае ўзаемадзеянне з ЕС. Аб чым дамовіліся на сустрэчы - падрабязна Наталля Брэвус.

Калі ўжо прытрымлівацца папулярнай сёння спартыўнай тэрміналогіі, то адносіны Беларусі і ЕС наўрад ці ўжо назавеш спрынтам. Гэта хутчэй нагадвае бег з перашкодай. У гісторыі двухбаковага дыялогу былі розныя перыяды. Але які б не перажывалі, афіцыйны Мінск цвёрда прытрымліваецца лініі на прагматычнае супрацоўніцтва з Еўрасаюзам.

Прыхільнасць гэтай ідэі гучыць на сустрэчах з пасланнікамі Еўропы ў розных фарматах. Адчуваецца, што цікавасць ЕС да Беларусі расце. Гэта пацвярджае і частата візітаў еўрапейскіх палітыкаў. Іаханес Хан не ўпершыню ў Беларусі. Толькі за гэты год гэта ўжо другі яго прыезд. Аўстрыйскі палітык працуе ў Бруселі з 2010 і адказвае ў ЕС за палітыку суседства і пашырэння. Гэтым разам у Мінску з калегай, якая курыруе пытанні лічбавай эканомікі.

У той час, калі Еўрапейскі саюз перажываў не лепшыя часы, (галаўны боль і дагэтуль дадаюць праблемы з мігрантамі, Брэксіт, эканамічныя турбацыі і гандлёвыя войны з Вашынгтонам) Беларусь заняла цалкам разумную і ўзважаную пазіцыю. Засяродзіліся на дыялогу па бяспецы - менавіта на мінскай пляцоўцы ідзе апошнім часам актыўны пошук рашэнняў, як умацаваць рэгіянальнае становішча. Аляксандр Лукашэнка не раз падкрэсліваў зацікаўленасць у моцным суседзе. Беларускі Прэзідэнт заўсёды дакладна расстаўляе акцэнты, гэтым разам робячы ўпор на развіццё эканамічнага супрацоўніцтва. Тут не павінна быць "гульні ў адны вароты".

Лагічная цікавасць Мінска ўзмацняць эканамічныя сувязі. Еўрасаюз другі па значнасці рынак для беларускага экспарту - на яго долю прыпадае больш за траціну нашых паставак за мяжу. Трэнд гэтага года - вялікая прыбаўка па экспарце ў ЕС.

Іаханес Хан, Еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні ЕС: "Дазвольце згадзіцца з вашымі словамі, што за апошнія некалькі гадоў нам удалося наладзіць даверныя адносіны. Толькі на такой аснове мы зможам дасягнуць чагосьці канкрэтнага для нашых суграмадзян. Маё бачанне - стварэнне пояса дабрабыту ў рамках Еўрапейскага саюза і еўрапейскага партнёрства. Менавіта гэта будзе служыць гарантыяй нашай бяспекі і стабільнасці. Гэтага можна дасягнуць толькі пры паляпшэнні эканамічнай сітуацыі. Развіццё эканомікі заўсёды азначае развіццё грамадства і краіны".

Беларусь і Еўрапейскі саюз вядуць перамовы па сумесных "прыярытэтах партнёрства". У дакуменце вызначаюцца мэты і задачы да 2020 года ў такіх сферах, як дзяржкіраванне, эканоміка, транспарт, энергаэфектыўнасць і барацьба са змяненнямі клімату, а таксама кантакты паміж людзьмі. Вядуцца перамовы з ЕС аб заключэнні пагадненняў аб спрашчэнні візавых працэдур. Актыўна ўдзельнічае Беларусь і ва ўсіх інтэграцыйных еўрапейскіх праектах - ад АБСЕ да "Усходняга партнёрства". Гэты праект Еўрасаюза стартаваў у 2009 годзе. Яго галоўная мэта - збліжэнне ЕС з 6 краінамі постсавецкай прасторы - Украінай, Малдовай, Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй і Беларуссю.

Такім чынам беларускі лідар дакладна дае зразумець - сябраваць супраць каго-небудзь Беларусь не будзе. Наша краіна бачыць у гэтай ініцыятыве першым чынам не палітычны, а прыкладны сэнс. Карысць у канкрэтных праектах, якія могуць ажыццяўляцца па лініі "Усходняга партнёрства" ў сферы энергетыкі, транспарту, лагістыкі. Г.з. менш палітыкі - больш рэальных спраў. Гэта сапраўды будзе на карысць усім удзельнікам ініцыятывы.

Еўрапейскія камісары прымаюць удзел у нефармальным міністэрскім дыялогу ў рамках "Усходняга партнёрства". Яны плюс прадстаўнікі шасці краін - удзельніц ініцыятывы. Сустрэча прысвечана не толькі палітычнаму ўзаемадзеянню, але і спалучэнню лічбавых рынкаў. Такая ідэя зыходзіла менавіта ад Беларусі. Што нядзіўна, асабліва ў святле апошніх рашэнняў па развіцці лічбавай эканомікі ў нашай краіне.