Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Арменіі

28 марта 2017

Беларускі і армянскі народы былі і застануцца блізкімі. Гэтыя словы гучалі сёння падчас сустрэчы Прэзідэнта Беларусі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Арменіі Арменам Хачатранам. Бакі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў узаемадзеяння, падвялі вынікі ў гандлёва-эканамічным аспекце, закранулі і вострыя тэмы, сярод іх і Нагорны Карабах.

Перамовы з дыпламатам прайшлі з нагоды завяршэння яго місіі ў Беларусі. Армен Хачатран працаваў у Мінску 7 гадоў. Прэзідэнт адзначыў вялікі ўклад дыпламата ў развіццё двухбаковых адносін. Беларусь з'яўляецца важным гандлёвым партнёрам Арменіі, займаючы па тавараабароце трэцяе месца сярод краін СНД. Двухбаковае супрацоўніцтва на працягу апошніх гадоў развіваецца дынамічна. Узаемны тавараабарот з 2001-га па 2015-ы павялічыўся ў 12 разоў.

Армен Хачатран, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Арменіі ў Беларусі: "У нас заўсёды, на працягу ўсёй гісторыі, былі самыя-самыя цесныя і добрыя адносіны. Няма нічога абсалютна, нам няма чаго дзяліць, наадварот, мы заўсёды аддаем адна адной. Культура, адносіны, гандаль. І хацелася, каб гэтыя адносіны былі больш цеснымі. Каб мы заўсёды маглі мець рубяжы, якія будзем выдатна пераадольваць. Таму што ёсць поўная гармонія і паразуменне".

Кіраўнік дзяржавы агучыў беларускую пазіцыю па нагорна-карабахскім канфлікце. У гэтым, як і іншых пытаннях, Арменія і Азербайджан павінны разабрацца без пасрэднікаў. Такое меркаванне Аляксандра Лукашэнкі. Адкрыта Кіраўнік дзяржавы выказаўся і аб некаторых інсінуацыях і здагадках, якія фігуруюць у СМІ па лініі двухбаковага ўзаемадзеяння Беларусі і Расіі.

Пракаменціраваў Аляксандр Лукашэнка і падрабязнасці экстрадыцыі блогера Аляксандра Лапшына ў Азербайджан. Нагадаем, па запыце гэтай краіны ён быў затрыманы ў Мінску ў снежні. Мужчына абвінавачваецца па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса - "Публічныя заклікі, накіраваныя супраць дзяржавы" і "Незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы". У студзені Генпракуратура Беларусі прыняла рашэнне аб экстрадыцыі Лапшына ў Азербайджан.

Адзначым, дыпадносіны паміж дзвюма краінамі ўстаноўленыя ў 1993-м. У гэтым жа годзе ў Мінску адкрылася пасольства Арменіі. Беларусь экспартуе кар'ерную і сельгастэхніку, аўтобусы і трактары. У Арменіі сфарміраваная тавараправодная сетка больш як 80-ці беларускіх прадпрыемстваў. Двухбаковае супрацоўніцтва абедзве краіны актыўна выбудоўваюць і ў фармаце Еўразійскага эканамічнага саюза.