Прэзідэнт Беларусі сустрэўся з амерыканскімі аналітыкамі

6 ноября 2018

Беларусь прыкладае высілкі, каб стабілізаваць рэгіянальнае становішча, а не раскалыхваць яго. Бо наша бяспека напроста залежыць ад сітуацыі вакол.

Пра гэта Прэзідэнт заявіў на сустрэчы з групай амерыканскіх аналітыкаў. У Мінск прыбыло некалькі аўтарытэтных экспертаў з ЗША. Сярод іх, напрыклад, прадстаўнікі Джэймстаўнскага фонду і Цэнтра па аналізе еўрапейскай палітыкі. Гэтая сустрэча важная не толькі для беларуска-амерыканскіх адносін, але і для ўсяго рэгіёна. Становішча ва Усходняй Еўропе застаецца вельмі няпростым. Падчас размовы з аналітыкамі Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што Беларусь - маладая і суверэнная дзяржава з самастойнай унутранай і знешняй палітыкай. І ў нашай краіны прагматычная пазіцыя па шырокім спектры пытанняў міжнароднай бяспекі. Беларусь аднаўляе нармальныя адносіны з ЗША, падтрымлівае добрасуседскія сувязі з Еўрасаюзам, пашырае партнёрства з НАТА і развівае раўнапраўны дыялог з усімі дзеля ўмацавання рэгіянальнай бяспекі.

Многія з экспертаў ужо не першы раз у Беларусі. Аналітычныя цэнтры, якія яны прадстаўляюць, паведамляюць амерыканскаму грамадству і палітолагам пра падзеі ў Еўразіі. Рэгулярна публікуюць матэрыялы і па беларускай тэматыцы. Таму так важна чуць з першых вуснаў тэзісы па найскладанейшых пытаннях палітыкі, бяспекі і эканомікі. Такія шчырыя размовы з беларускім лідарам - магчымасць наблізіцца да лепшага разумення адно аднаго. Дарэчы, у апошнія гады назіраецца прыкметны прагрэс у адносінах Мінска і Вашынгтона.