Прэзідэнт Беларусі ў Сочы сустрэўся з лідарамі Расіі, Турцыі і Ірана

14 февраля 2019

Сёння расійскі горад Сочы стаў цэнтрам міжнароднай палітыкі. Прэзідэнт Беларусі, які знаходзіцца там з рабочым візітам, сустрэўся з лідарамі Расіі, Турцыі і Ірана. Абмеркавалі міжнароднае становішча і пытанні супрацоўніцтва з гэтымі дзяржавамі. Раней Уладзімір Пуцін, Рэджэп Эрдаган і Хасан Раўхані ў рамках трохбаковага саміту разгледзелі пытанні, якія датычацца сітуацыі ў Сірыі. Афіцыйныя Масква, Анкара і Тэгеран выступаюць гарантамі выканання астанінскіх дамоўленасцяў. Сустрэча ж у такім пашыраным фармаце - у нефармальнай абстаноўцы - стала добрай магчымасцю для лідараў абмеркаваць актуальныя пытанні міжнароднай праблематыкі. Тым больш што не толькі з Расіяй, але і з Турцыяй, Іранам і Сірыяй Беларусь звязваюць даўнія дружалюбныя адносіны як у палітыцы, так і эканоміцы, і ў сферы гуманітарнага супрацоўніцтва. Беларусь, сама маючы статус міратворчай пляцоўкі, заўсёды выступала з выразнай пазіцыяй аб неабходнасці больш хуткага ўрэгулявання лакальных канфліктаў на планеце і процідзеянні тэрарызму. Аб чым наш Прэзідэнт гаварыў з лідарамі тройкі, як развіваюцца двухбаковыя адносіны з гэтымі дзяржавамі, і якія вынікі саміту па Сірыі. З Сочы рэпартаж Вольгі Макей.

Сёння ў Сочы трохбаковая сустрэча кіраўнікоў-дзяржаў - гарантаў астанінскага працэсу. За гэтай складанай назвай, якая фігуруе ў СМІ, мірныя мэты: спыненне грамадзянскай вайны ў Сірыі. Перамовы яшчэ два гады таму ініцыявалі тры краіны: Расія, Іран і Турцыя, і першая сустрэча прайшла ў сталіцы Казахстана. Таму працэс і завуць астанінскім. На ўзроўні прэзідэнтаў такі саміт збіраецца ўжо чацвёрты раз.

Парадак сустрэчы Пуціна, Эрдагана і Раўхані быў вядомы загадзя. Сярод ключавых тэм - сітуацыя ў Ідлібе (пакуль гэта найбуйнейшы рэгіён арабскай рэспублікі, у якім усё яшчэ дзейнічаюць тэрарыстычныя групоўкі). Абмеркавалі і фарміраванне канстытуцыйнага камітэта, які зоймецца распрацоўкай новага асноўнага закону Сірыі.

Рэджэп Тайіп Эрдаган, прэзідэнт Турцыі:

"Мы зрабілі вялікі крок наперад для працягу палітычнага працэсу ў Сірыі і ўстанаўлення там перамір'я. Нам атрымалася захаваць прынцыпы Астаны, нягледзячы на правакацыі. Гэта самы паспяховы працэс для спынення кровапраліцця. Шляхам дыялогу нам атрымалася пераадолець шматлікія бар'еры".

Гаварылі прэзідэнты і аб тым, што будзе пасля сыходу з Сірыі амерыканцаў. Штаты абяцалі вывесці войскі ў найбліжэйшыя месяцы, але, як канстатавала сёння "астанінская тройка", пакуль змяненняў на тэрыторыі няма. Іранскі лідар Хасан Раўхані агульнай мэтай Масквы, Анкары і Тэгерана назваў барацьбу з тэрарызмам і паніжэнне напружанасці ў Сірыі. А Уладзімір Пуцін заклікаў міжнародныя арганізацыі дапамагаць сірыйскім бежанцам. Дарэчы, толькі за апошнія паўгода на радзіму вярнуліся больш як 130 тысяч сірыйцаў.

А сітуацыя ў Сірыі няпростая. Лакальны канфлікт выліўся і зацяжную вайну, якая оўжыцца з 2011 года. Гэта вялікае выпрабаванне для жыхароў краіны. Загінулі сотні тысяч чалавек, разбурана 70 % інфраструктуры.

Далучыцца ўжо да нефармальнай часткі сустрэчы ўдзельнікі саміту па Сірыі запрасілі і Прэзідэнта Беларусі. Афіцыйны Мінск - гэта ўжо не проста перагаворная пляцоўка, а паўнапраўны ініцыятар мірных працэсаў. Ды і ў сірыйскім пытанні  мэты  адзіныя: Беларусь таксама зацікаўлена ў спакоі ў гэтай блізкаўсходняй дзяржаве і дапамагае не на словах, а на справе.

Ужо не першы год сірыйскія дзеці, якія нягледзячы на юны ўзрост прайшлі праз складаныя выпрабаванні і ведаюць, што такое боль вайны, у Беларусі атрымліваюць аздараўленне. Не раз з нашай краіны адпраўлялі гуманітарныя грузы. А вопыт беларускіх будаўнікоў  спатрэбіцца ў аднаўленні і развіцці сірыйскай інфраструктуры: узвядзенні школ, бальніц і дарог.

Лагічна - сёння прэзідэнты абмяркоўвалі і двухбаковыя адносіны. Што да Турцыі, гандаль з гэтай краінай ужо не першы год трымае пазітыўны трэнд. За 2018-ы - 983 мільёны долараў (ушчыльную падабраліся да мільярда). Пры гэтым на траціну вырас беларускі экспарт. У нашу краіну актыўна інвесціруюць турэцкія кампаніі. Сярод такіх прыкладаў  набыццё "Цюркселам" 80 % акцый нашага GSM-аператара, а ў вытворчасці тэкстылю з турэцкай кампаніяй супрацоўнічае і "Камволь".

А вось у гандлі з Іранам лічбы тавараабароту пакуль не такія вялікія. За мінулы год крыху  больш  за 60 мільёнаў долараў.

У сярэдзіне 2018-га, сустракаючыся ў рамках саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка і Хасан Раўхані такія праблемы ў беларуска-іранскіх адносінах абазначылі. І Мінск, і Тэгеран цяжкасці маюць намер вырашаць.

Сёння Іран - гэта чацвёртая эканоміка ісламскага свету і адна з самых тэхналагічна развітых дзяржаў у рэгіёне, індустрыяльная краіна з магутнай нафтаздабыўной прамысловасцю.

Тэгерану цікавая і еўразійская інтэграцыя. Іранскі парламент у найбліжэйшы час плануе ратыфікаваць пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС. А гэта якраз  дазволіць павялічыць тавараабарот з краінамі "пяцёркі" за кошт аблягчэння мытнага рэжыму.

Заўтра Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін прадоўжаць абмеркаванне беларуска-расійскага супрацоўніцтва.

Напярэдадні наш Прэзідэнт праанансаваў маючую адбыцца сустрэчу на пляцоўцы адукацыйнага цэнтра "Сірыус" у Сочы.

Цэнтр "Сірыус" знаходзіцца ва ўзбярэжным алімпійскім кластары Сочы. Якраз на базе аб'ектаў зімовых гульняў і праходзяць навучанне юныя таленты. Гэта і будучыя спартсмены, навукоўцы, музыканты і нават артысты балета. Да абмеркавання гуманітарнага супрацоўніцтва дзвюх краін далучацца міністры адукацыі, культуры і спорту.