Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэнецца з прадстаўнікамі найбуйнейшых дзяржаўных СМІ

10 апреля 2018

Прэзідэнт Беларусі сёння сустрэнецца з кіраўнікамі і калектывамі найбуйнейшых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Мерапрыемства пройдзе ў Белтэлерадыёкампаніі.

Плануецца, што перад гэтым Аляксандр Лукашэнка азнаёміцца з перспектывамі развіцця навінавага вяшчання. Прэзідэнту раскажуць пра тэхнічнае пераабсталяванне, пераход на вяшчанне ў HD-фармаце. У тэлестудыі на сустрэчы з Кіраўніком дзяржавы будуць прысутнічаць прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, Другога нацыянальнага канала, "Сталічнага тэлебачання", інфармацыйнага агенцтва БелТА, рэдакцыі газеты "Советская Белоруссия", выдавецкага дома "Звязда" і нацыянальнага філіяла міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі “Мір". Усе яны змогуць стаць актыўнымі ўдзельнікамі размовы і задаць Аляксандру Лукашэнку пытанні, што цікавяць іх. Самыя цікавыя моманты і падрабязнасці размовы з Прэзідэнтам на працягу дня глядзіце ў выпусках навін цэнтральных беларускіх тэлеканалаў і чытайце ў стужцы БелТА.

Пра тое, як будзе праходзіць гэтая сустрэча, прама зараз раскажа наш карэспандэнт Вольга Макей.

Я зараз знаходжуся побач са студыяй "600". Яна так называецца з-за плошчы 600 квадратных метраў. Гэта самая вялікая тэлевізійная студыя ў краіне, і менавіта яна сёння ператворыцца ў маштабную пляцоўку для дыскусіі аб беларускай медыяпрасторы і не толькі.

Вось тут, на трыбунах, размесцяцца каля 140 журналістаў з розных тэлеканалаў і выданняў, а месцы за гэтым сталом зоймуць кіраўнікі найбуйнейшых СМІ краіны і, вядома, Прэзідэнт. Нам, рэпарцёрам, якія асвятляюць працу Кіраўніка дзяржавы кожны дзень, вядома, хацелася, каб у спісе прадпрыемстваў і аб'ектаў, на якіх бывае Аляксандр Лукашэнка, быў і галоўны медыяхолдынг краіны. Тым больш што Прэзідэнт бываў тут 14 гадоў таму. За гэты час тэлебачанне далёка прасунулася, ужо нікога не здзівіш фарматам вяшчання HD, а зараз Белтэлерадыёкампанія пачынае маштабную мадэрнізацыю, абнаўляюцца студыі, апаратныя. У найбліжэйшай будучыні вы ўбачыце ўжо зусім новае афармленне любімых праграм.

Зрэшты, якім быць беларускаму тэлебачанню, якія праблемы сёння існуюць у медыяпрасторы і як інфармацыя ўплывае на сучасны свет - усё гэта абмяркуюць сёння ў гэтай студыі. Вядома, у журналістаў назапасілася шмат пытанняў, у тым ліку і асабістых. Усе яны напэўна сёння прагучаць, бо на тое яна і адкрытая студыя, каб магчымасць задаць сваё пытанне была ў кожнага.

Дарэчы, задаць сваё пытанне Прэзідэнту ёсць магчымасць і ў інтэрнэт-карыстальнікаў. Дасылаць іх можна на паштовую скрыню voprosnomer1@tvr.by. Беларускі лідар у рамках сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ адкажа на самыя арыгінальныя пытанні.