У Палацы Незалежнасці Аляксандр Лукашэнка правёў перамовы з выканаўчым сакратаром Садружнасці Незалежных Дзяржаў і генеральным сакратаром Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Абодва высокія госці прыбылі ў Беларусь для назірання за выбарчай кампаніяй. Свае высокія ацэнкі выбараў, што прайшлі, яны асабіста агучылі Кіраўніку дзяржавы. Аднак гэта была не галоўная тэма гутаркі. У канцы тыдня ў Казахстане пройдзе саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД, у якім прыме ўдзел і Аляксандр Лукашэнка. Для сустрэчы падрыхтавана насычаная праграма. Што тычыцца Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, то ў ліпені статус Беларусі ў гэтай групе краін быў павышаны да ўзроўню назіральніка. Гэта істотна ўплывае на знешнепалітычны імідж нашай краіны, у прыдачу абяцае немалыя эканамічныя выгады. Падрабязнасці рабочага дня Прэзідэнта ў рэпартажы Аляксея Адашкіна.
Пасёлак Бурабай на поўначы Казахстана. Яго яшчэ называюць жамчужынай Казахстана або нават казахстанскай Швейцарыяй. Менавіта тут, за 250 кіламетраў ад Астаны, у канцы тыдня адбудзецца чарговы саміт кіраўнікоў дзяржаў СНД. Дарэчы, папярэднія два гады сустрэчы лідараў Садружнасці праходзілі ў Мінску.
Напярэдадні перамоў у Казахстане старшыня Выканкама СНД Сяргей Лебедзеў сустракаецца з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Парадак дня пасяджэння кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці насычаны. Лідарам трэба будзе абмеркаваць 17 пытанняў.
На саміце ў Бурабаі лідары краін СНД плануюць прыняць шэраг заяў, прысвечаных, у прыватнасці, і 70-годдзю стварэння ААН, і 30-й гадавіне Чарнобыльскай катастрофы. Будзе разгледжаны і шэраг кадравых пытанняў. Плануецца зацвердзіць кандыдатуру кіраўніка Антытэрарыстычнага цэнтра дзяржаў - удзельнікаў СНД. Дарэчы, удзельнікі сустрэчы дэталёва абмяркуюць пытанні бяспекі і барацьбу з тэрарызмам. Для некаторых краін Садружнасці гэта зараз самыя вострыя тэмы.
Сяргей Лебедзеў ужо восем гадоў займае пасаду Выканаўчага сакратара СНД. Ён кіраваў місіяй назіральнікаў ад СНД і падчас выбараў Прэзідэнта Беларусі ў 2010, у 2012, калі беларусы вызначалі склад парламента. Сёлета Сяргей Лебедзеў таксама ўзначаліў каманду экспертаў Садружнасці, якія сачылі за ходам выбараў Кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка сёння адзначыў, што былі беспаспяховыя спробы дэстабілізаваць становішча ў краіне.
Упершыню ў гісторыі за ходам выбарчай кампаніі ў Беларусі сачылі і эксперты Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.
Сур'ёзным крокам наперад у супрацоўніцтве Беларусі і Шанхайскага клуба стаў ліпеньскі саміт ва Уфе. Менавіта на ім Беларусь павысіла свой статус да назіральніка пры арганізацыі. Такое становішча абяцае істотныя дывідэнды. Бо афіцыйны Мінск атрымлівае доступ амаль да ўсіх праектаў структуры, у першую чаргу - у эканоміцы. Праца з Шанхайскай групай дадае новыя штрыхі і ў знешнепалітычнае, дыпламатычнае аблічча дзяржавы.
Зараз 8 краін уваходзяць у склад Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Гэта Індыя, Казахстан, Кыргызстан, Кітай, Пакістан, Расія, Таджыкістан і Узбекістан. 4 дзяржавы маюць статус назіральніка - гэта Беларусь, Афганістан, Іран і Манголія. І яшчэ 6 краін з'яўляюцца партнёрамі па дыялогу. Гэта, у прыватнасці, Азербайджан, Арменія, Камбоджа, Непал, Турцыя і Шры-Ланка. Такім або іншым чынам Шанхайскі клуб аб'ядноўвае 18 дзяржаў, якія ўяўляюць сабою найбуйнейшыя эканомікі Еўразіі.
Аб адмысловым стаўленні да Мінска з боку Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва сведчыць тое, у якім фармаце гэта група дзяржаў прыняла ўдзел у назіранні за выбарамі Прэзідэнта Беларусі. Па-першае, каманду экспертаў, якія прыехалі ў нашу краіну, узначаліў асабіста генеральны сакратар гэтай аўтарытэтнай арганізацыі. Па-другое, упершыню ў гісторыі місія назіральнікаў за выбарамі ад Шанхайскай групы працуе на тэрыторыі краіны-назіральніка.
Місія экспертаў гэтай арганізацыі пабывала на амаль 60 выбарчых участкаў і не выявіла ні аднаго парушэння заканадаўства.
На саміце Шанхайскай групы ва Уфе было прынята рашэнне прадоўжыць працу над стварэннем свайго Фонду развіцця і свайго Банка развіцця. Гэта будзе яшчэ мацней стымуляваць інвестыцыйныя і гандлёвыя сувязі ў рэгіёне. Адмысловае паскарэнне працэсам надасць і кітайскі фонд Шаўковага шляху з капіталам у 40 мільярдаў долараў. А спалучэнне праз транзітныя патокі Шанхайскай арганізацыі, ЕАЭС і Еўрапейскага саюза прадугледжвае не толькі таварны абмен і імгненны прыбытак, але доўгатэрміновыя маштабныя інвестыцыі. Доступ да гэтых фінансавых рэсурсаў атрымае і Беларусь.
Беларусь сёлета з'яўляецца старшынёй у Еўразійскім эканамічным саюзе. У пятніцу ў Казахстане лідары краін гэтага аб'яднання плануюць абмеркаваць стратэгію развіцця ЕАЭС да 2030 года. Можна выказаць здагадку, што супрацоўніцтва з Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва будзе сярод прыярытэтаў. Прынцып інтэграцыі інтэграцый, які актыўна падтрымлівае наша краіна, у дзеянні.













