Прэзідэнт Беларусі сёння з рабочым візітам адправіцца ў Казахстан

28 мая 2013

У Астане Аляксандр Лукашэнка прыме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Як чакаецца, удзельнікі сустрэчы разгледзяць перспектывы развіцця асноўных кірункаў інтэграцыі на постсавецкай прасторы, а таксама праект дамовы аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза.  Дакумент можа стаць чарговым крокам на шляху да больш цеснай інтэграцыі на аснове Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана, а таксама Адзінай эканамічнай прасторы.

На папярэдніх сустрэчах кіраўнікі дзяржаў мытнай  тройкі заявілі аб  намеры стварыць Еўразійскі саюз ужо к 2015 году. Гаворка ідзе пра фарміраванне адзіных тарыфаў і тэхнічных рэгламентаў, банкаўскай сістэмы, умацаванне знешніх граніц, працоўнае і міграцыйнае заканадаўствы. Усё гэта ў выніку павінна даць значны эканамічны эфект.