Прэзідэнт Беларусі сёння прыняў пасла Кітая

5 декабря 2013

Беларусь ганарыцца цёплымі адносінамі з такой вялікай дзяржавай як Кітай. Гэта асобна адзначыў сёння Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітая ў Беларусі Гун Цзяньвэйем. Яго місія ў нашай краіне завяршаецца.


Развіццё ўзаемадзеяння з Кітаем - адзін з прыярытэтных кірункаў беларускай знешняй палітыкі. Дзяржавы пастаянна аказваюць падтрымку адна адной на міжнароднай арэне, рэгулярна абменьваюцца візітамі на вышэйшым узроўні. Нарошчваецца гандаль, а таксама крэдытна-інвестыцыйнае і прамысловае партнёрства. У Паднябеснай збіраюць БелАЗы, сельскагаспадарчую тэхніку. Ідуць перамовы па стварэнні новай сумеснай вытворчасці трактароў.


Беларускі лідар наведваў Паднябесную 7 разоў. Падчас апошняга візіту падпісаны пакет дакументаў на рэалізацыю буйных праектаў у энергетыцы, будаўніцтве, прамысловасці і ў сферы дарожна-транспартнай інфраструктуры. Агульная сума - 3,5 мільярда долараў.


Шэраг праектаў тычыцца ўкаранення ў эканоміку альтэрнатыўных крыніц энергіі. Так, у Магілёўскай свабоднай эканамічнай зоне будзе створана фотагальванічная электрастанцыя, а таксама завод па вытворчасці сонечных батарэй.