Хто ўвойдзе ў склад новай урадавай каманды, якія задачы Савет Міністраў плануе вырашыць у першую чаргу? Падрабязнасці гутаркі Прэзідэнта з урадам, а таксама эксклюзіўнае інтэрв'ю кіраўніка Кабінета міністраў - у матэрыяле Аляксея Адашкіна.
Гэта мерапрыемства не значылася ў рабочым графіку Прэзідэнта, але многія яго, прызнацца, вельмі чакалі. За афіцыйнай назвай "нарада па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця" хавалася вырашэнне галоўнай паслявыбарнай інтрыгі - хто ўзначаліць і ўвойдзе ў новы Кабінет міністраў.
Усе запрошаныя - вышэйшыя чыны. Праўда, з прыстаўкай в.а. 16 кастрычніка пасля падвядзення ЦВК канчатковых вынікаў выбараў урад Беларусі склаў свае паўнамоцтвы перад зноў абраным Прэзідэнтам. У панядзелак 19 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім урад будзе выконваць свае абавязкі да прызначэння новага складу Кабінета міністраў.
Наладжваць таталізатар на персаналіях, хто якія пасады атрымае, вялікага сэнсу не было. Прэзідэнт не раз паўтараў, што яшчэ да выбараў сфарміраваў урад для таго, каб грамадства бачыла, з кім ён будзе працаваць у выпадку абрання. Некаторыя змяненні складу магчымыя. Але галоўнае - бачанне чыноўнікам перспектывы развіцця сваёй арганізацыі ад карэннай трансфармацыі да малаважных змяненняў. Пачынаецца новы, не проста ў храналагічным сэнсе, пяцігадовы перыяд. У ім ураду прыйдзецца працаваць па-новаму, развіццё краіны таксама будзе вылучацца навізной - такое патрабаванне Прэзідэнта.
6+1 - вось высокапастаўленыя чыноўнікі і пасля складання паўнамоцтваў працягвалі выконваць свае абавязкі. Пачынаючы сустрэчу, Аляксандр Лукашэнка адзначае, што новы ўрад быў невыпадкова сфарміраваны менш як год таму, яшчэ да выбараў. Мінулы перыяд дазволіў ацаніць эфектыўнасць Кабінета міністраў.
Вынік сённяшняй эканамічнай нарады, якая стала кадравай, такі. Прэм'ер-міністр і віцэ-прэм'еры застаюцца пры сваіх пасадах. Адпаведныя ўказы Прэзідэнтам сёння падпісаныя.
Такім чынам, Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, першы намеснік прэм'ер-міністра Васіль Мацюшэўскі, намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Калінін, намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава, намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы, намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка захоўваюць свае пасады.
Адразу пасля перапрызначэння мы не сталі аддавацца любімаму занятку экспертаў усіх масцей і думаць, каго ж стары-новы прэм'ер возьме да сабе ў каманду. Наша здымачная група адправілася ў Дом урада і ў эксклюзіўным інтэрв'ю з Андрэем Кабяковым атрымала інфармацыю з першых вуснаў.
Новы Кабінет міністраў, магчыма, зведае змяненні. Асноўныя патрабаванні Прэзідэнта да кіраўнікоў усіх узроўняў вядомыя. На пярэднім плане - выканальніцкая дысцыпліна. Галоўная лінія: карэннай ломкі пабудаванага не будзе. Толькі далейшае ўдасканаленне. Пры гэтым патрабаванні да ўрада, кіраўнікоў рэгіёнаў, усіх органаў улады значна павышаюцца. Галоўная мэта - павышэнне дабрабыту людзей. І прагрэс у гэтым павінен быць прыкметны ўжо ў наступным годзе.
З кандыдатурай новага прэм'ера яшчэ павінен згадзіцца парламент. Адпаведная прапанова ад Прэзідэнта ў Палату прадстаўнікоў пакуль не паступіла. Калі дакумент будзе накіраваны днямі, то яго аператыўна разгледзяць на закрыцці сесіі 18 снежня. Калі не, то дэпутаты гатовыя перапыніць зімовыя канікулы і сабрацца на пазачарговую сесію пасля Новага года.