Прэзідэнт Беларусі сёння звернецца з Пасланнем да народа і парламента

24 апреля 2018

Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка сёння звернецца са штогадовым Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу. Традыцыйна на мерапрыемства ў Авальную залу запрошаныя вышэйшыя службовыя асобы, члены ўрада, кіраўнікі дзяржорганаў, найбуйнейшых кампаній, вядучых ВНУ, банкаў, дыпламатычны корпус і СМІ. Гэтым разам фармат Паслання зменіцца.

Наш аглядальнік Ілона Красуцкая ўжо знаходзіцца ў Авальнай зале, у яе даведаемся ўсе падрабязнасці гэтага мерапрыемства.

У Авальнай зале Дома ўрада пакуль нязвыкла пуста. Але праз некалькі гадзін усе крэслы зоймуць члены ўрада, вышэйшыя службовыя асобы, парламентарыі, дыпламаты. І яшчэ мільёны ў прамым эфіры будуць назіраць па той бок экрана за штогадовым Пасланнем Кіраўніка дзяржавы.

Улічваючы вялікую шчырасць і камунікабельнасць Прэзідэнта, ды і вопыт мінулых гадоў, мерапрыемства па праве можна назваць маштабным. Гэта датычыцца і фармату, і тэм: адкрытая гутарка. Без прыкрас пра наяўныя праблемы і перспектывы ў эканоміцы, сацыяльнай сферы, міжнароднай палітыцы на вышэйшым узроўні гавораць увесь час. Развіццю лічбавай эканомікі, АПК, аховы здароўя, адукацыі, спорту Прэзідэнт прысвячае вялікія нарады. З пачатку года ў Палацы Незалежнасці і па-за ім закраналі эканамічную тэматыку каля паўсотні разоў. Ды і мноства задач былі вызначаныя ў сакавіку падчас справаздачы ўрада, Нацбанка і мясцовых улад. Таму зараз галоўнае - акрэсліць кола глабальных задач на будучыню з улікам ужо прынятых рашэнняў і пэўных даручэнняў. Напярэдадні журналісты, безумоўна, цікавіліся ў экспертаў, парламентарыяў, сенатараў, якія яшчэ тэмы можа падняць Кіраўнік дзяржавы. Сярод здагадак - занятасць, павышэнне прыбыткаў насельніцтва, развіццё рэгіёнаў, удасканаленне інвестыцыйнай палітыкі.

Усе падрабязнасці з першых вуснаў даведаемся зусім хутка. Пасланне Прэзідэнта пачнецца ў 10:30. Выступленне Кіраўніка дзяржавы можна ўбачыць на каналах "Беларусь 1", "Беларусь 24" і ў эфіры Першага канала Беларускага радыё. Зразумела, час рабочы, таму журналісты рыхтуюць тэлеверсію, ключавыя моманты пакажуць у вячэрнім эфіры беларускіх тэлеканалаў.