Прэзідэнт Беларусі лічыць неабходным умацоўваць пазіцыю СНД як фактару стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне

1 июня 2013

Прэзідэнт Беларусі лічыць неабходным умацоўваць пазіцыю СНД як фактару стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне, спрыяць павышэнню ролі Садружнасці на міжнароднай арэне. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый, якія ўдзельнічаюць у пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД. Вынікам пасяджэння ў Мінску стала падпісанне 12 пагадненняў. Актыўна былі падтрыманыя ўсе беларускія ініцыятывы. У прыватнасці, да васьмі краін Дагавора аб зоне свабоднага гандлю далучыўся і Узбекістан. Асаблівае месца адведзена інавацыйнаму партнёрству. Гаворка ідзе пра стварэнне банка патэнтаў і інавацый Садружнасці. Кіраўнікі ўрадаў дамовіліся таксама аб фарміраванні адзінай адукацыйнай прасторы і ўзаемным прызнанні дакументаў аб вышэйшай і прафесійнай адукацыі. Фарміруецца і адзіная сістэма ўліку грамадзян, якія ўязджаюць у СНД. Наступны раз саміт кіраўнікоў урадаў краін Садружнасці пройдзе ў Маскве 20 лістапада.