Захаваць працоўныя калектывы, не дапусціць рост цэн і спыніць размовы аб неабгрунтаваным росце зарплат для дзяржслужачых. Такія тры прынцыповыя задачы паставіў сёння Аляксандр Лукашэнка перад урадам на сустрэчы з Міністрам працы і сацабароны Мар'янай Шчоткінай. На думку Кіраўніка дзяржавы, крызісы на знешніх рынках - з'ява часовая, але выйсці больш моцнымі з няпростай эканамічнай сітуацыі можна толькі захаваўшы вытворчыя калектывы. Зрэшты, гэта не тычыцца парушальнікаў працоўнай дысцыпліны. Іх працоўныя месцы цалкам залежаць ад асабістай матывацыі.
Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў ураду прынцыпова стрымліваць рост цэн па сацыяльна-значных пазіцыях. У першую чаргу на паслугі ЖКГ. Ва ўмовах, калі заработная плата не павышаецца, рост цэн недапушчальны, адзначыў Прэзідэнт. Вярнуцца ж да пытання істотнага павышэння даходаў беларусаў, у прыватнасці, у дзяржаўным сектары, можна будзе толькі пасля стабілізацыі эканомікі, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Як далажыла міністр працы і сацабароны, з пачатку года пад скарачэнне ў Беларусі трапіла каля 1800 чалавек, гэта амаль у 7 разоў менш, чым звольненых за п'янства і прагулы. Пры гэтым на перападрыхтоўку і стварэнне новых рабочых месцаў па праграме занятасці на бягучы год запланавана 244 мільярды рублёў. Таксама Мар'яна Шчоткіна далажыла Прэзідэнту аб самых актуальных пытаннях сацыяльнай працы. У прыватнасці, аб развіцці праграмы сямейнага капіталу, стварэнні новых рабочых месцаў і выплатах ветэранам Вялікай Айчыннай вайны напярэдадні Дня Перамогі.
Адказваючы на пытанні журналістаў, міністр адзначыла, што павышэнне зарплат дзяржслужачым да стабілізацыі эканомікі - мера дачасная. Хоць іх зарплаты, асабліва на базавым раённым узроўні, невялікія, у сярэднім каля 4 мільёнаў рублёў.













