Прэзідэнт Беларусі правёў сустрэчу з міністрам замежных спраў Эквадора

19 мая 2018

Кіраўнік дзяржавы лічыць неабходным вызначыць план дзеянняў на найбліжэйшую перспектыву, рэвізаваць адносіны Беларусі і Эквадора.

Такую заяву Аляксандр Лукашэнка зрабіў на сустрэчы з міністрам замежных спраў Эквадора Марыяй Фернандай Эспіносай Гарсес. Эквадор у Лацінскай Амерыцы - гэта тая дзяржава, абапіраючыся на якую можна развіваць супрацоўніцтва і з іншымі краінамі. Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў краін склаліся добрыя палітычныя адносіны, падобныя пазіцыі па міжнародным парадку дня. Мінск і Кіта плённа супрацоўнічаюць ва ўсіх міжнародных арганізацыях, асабліва ў ААН. Асновай жа дарожнай карты дзвюх дзяржаў павінна стаць гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва.

Зрабіць паўзу ў рэалізацыі некаторых праектаў прыйшлося праз складаную эканамічную сітуацыю ў Эквадоры. Але ўжо сёлета назіраецца прыкметны рост тавараабароту: краіны нагандлявалі амаль на 45 мільёнаў долараў. Праўда, купляем пакуль значна больш, чым прадаем. У Эквадоры запатрабаваныя нашы ўгнаенні, дрот і нафтапрадукты.