Гістарычны дыялог. Прэзідэнт правёў перамовы з саветнікам прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы

1 сентября 2019

Беларуская сталіца - зноў сур'ёзны ньюсмейкер на міжнароднай арэне. 

У Палацы Незалежнасці ў чацвер адбыліся цікавыя і рэзанансныя перамовы. Прааналізуем іх у праграме аб'ектыўна, а дзесьці і з філасофскім падтэкстам. Логіка Гегеля, фармулёўка Энгельса - пераход колькасці ў якасць. Успомніць аб класіках філасофіі нас на тыдні натхніў візіт у Мінск Джона Роберта Болтана. 

Справа ў тым, што саветнік  па нацбяспецы Прэзідэнта ЗША - гэта якасна іншы, больш высокі ўзровень дыялогу Мінска і Вашынгтона. Да яго прыйшлі як раз праз колькасць выразных і грунтоўных візітаў у Беларусь амерыканскіх экспертаў і палітыкаў. 

Успомнім кангрэсменаў, рознага ўзроўню памочнікаў, саветнікаў і экспертаў са Штатаў. Апошнія гадоў 5 яны, прыязджаючы  ў Беларусь, разлічвалі знайсці тут ворага амерыканскіх інтарэсаў, а знаходзілі прагматычную, суверэнную, і, што важна, паслядоўную пазіцыю афіцыйнага Мінска. 

Пры гэтым Беларусь да Штатаў ніколі не падладжвалася. Свае інтарэсы і саюзныя абавязацельствы вытрымлівала і не дазваляла гаварыць з сабою на мове ўльтыматумаў. Але там, дзе Вашынгтон быў гатовы на канструктыў,  адмовы не было. Будзь то вывад войскаў з Афганістана - разам з Расіяй мы, не афішуючы, дапамаглі партнёрам захаваць твар. Або барацьба з тэрорам і наркатрафікам, супакаенне Украіны або прыватная справа - настальгічны турызм зяця Трампа - Джарэда Кушнера і яго сям'і. 

Колькасць пазітыву ў выніку, як і прадракалі класікі, перарасла ў якасць і дазволіла Прэзідэнту Беларусі прапанаваць "перазагрузку" адносін, а Джону Болтану заявіць аб павазе беларускага суверэнітэту і жаданні гаварыць з афіцыйным Мінскам на сур'ёзныя тэмы - ад рэгіянальнай і нават сусветнай бяспекі да двухбаковага супрацоўніцтва. Вось як гэта было...

Джон Болтан, саветнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы: "Лічу, гэта вельмі добрая магчымасць правесці гутарку па некалькіх вельмі важных тэмах – ад рэгіянальнай бяспекі, двухбаковага супрацоўніцтва. Ёсць некалькі пытанняў, якія вельмі цікавяць ЗША: правы чалавека, нераспаўсюджанне зброі. Я згодзен з вамі, што мы павінны быць вельмі шчырыя  па гэтых тэмах. Думаю, мы зможам знайсці агульную мову".

Па выніках візіту Беларусь, вядома, у эйфарыю не ўпала. Але па народнай звычцы - словы падзяліла напалам. Плюс далікатна ўмаўчала, што сам факт прамых зносін на такім высокім узроўні перакрэсліў ранейшыя фобіі... ранейшых амерыканскіх адміністрацый. 

І, мабыць, канчаткова развеяў міф аб эфектыўнасці санкцый. Пра гэта з ветлівасці  таксама не было сказана. А навошта? Мы гэта пра сябе і так ведаем, амерыканскія партнёры - здагадваюцца, а ў рэальнай палітыцы - гэта не істотна. 

Яшчэ і таму Беларусь з такім здзіўленнем сустрэла шум, які падняўся ў экспертнай супольнасці, прэсе і віртуальным свеце з нагоды візіту. А шумелі шматлікія. Ад найбліжэйшых саюзнікаў на Усходзе і партнёраў у Еўропе, да нашых, дамарослых барацьбітоў за чысціню іх, амерыканскіх нораваў. 

Адны загалоўкі чаго варты - "Мінск дрэйфуе ў Атлантыку", "Болтан адрывае Беларусь ад Расіі", або ўжо зусім абсурднае - "Болтан паляцеў. Вынікаў няма". Як быццам саветнік Трампа, гэта не эксперт, чый хлеб - даваць разумныя парады па знешняй палітыцы, а гандлёвы агент з амерыканскай класікі.

Маўляў, калі не прывёў з сабою за руку новага пасла, дэмакратыю ў канверце або не раскватараваў тут сотню "марскіх коцікаў",  то і прыязджаць не тэба было. 

Смешна, абсурдна і,  на жаль,  дэманструе нізкі ўзровень экспертызы апанентаў беларускай улады. Падрабязней аб гэтай "прыкрасці" і тым, што рэальна цікавіць Мінск і Вашынгтон  у дыялогу - наш палітычны аглядальнік Андрэй Крывашэеў