Прэзідэнт Беларусі змяніў кіраўніцтва ўрада

18 августа 2018

Сёння Прэзідэнт Беларусі правёў поўнае кадравае абнаўленне вярхушкі ўрада. Новым прэм'ер-міністрам прызначаны Сяргей Румас. Дагэтуль ён узначальваў Банк развіцця, але таксама, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, паспяхова спраўляўся з праектамі мадэрнізацыі, напрыклад, у дрэваапрацоўцы і АПК. Першым віцэ-прэм'ерам стаў Аляксандр Турчын (да сённяшняга рашэння кіраўнік апарату Савета Міністраў). Пытанні прамысловасці і мадэрнізацыі на пасадзе намесніка кіраўніка ўрада з гэтага часу курыруе Ігар Ляшэнка, пытанні будаўніцтва, ЖКГ, транспарту і сувязі - новы намеснік прэм'ер-міністра Уладзімір Кухараў. Ён прыйшоў ва ўрад з Камітэта дзяржкантролю і, як падкрэсліў Прэзідэнт, ведае ў дэталях гэтыя сферы праз прызму КДК. Уся сацыяльная сфера, у тым ліку найважнейшыя ахова здароўя і адукацыя, будзе курыравацца віцэ-прэм'ерам Ігарам Петрышэнкам (вопытным кіраўніком і дыпламатам, які да апошняга часу прадстаўляў інтарэсы Беларусі ў Расійскай Федэрацыі). Таксама сёння быў прызначаны шэраг ключавых міністраў новага складу ўрада. Мінбудархітэктуры ўзначаліў Дзмітрый Мікулёнак, які раней узначальваў сталічнае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва. Новы кіраўнік Мінпрама - Павел Уцюпін, Мінсувязі і інфарматызацыі - бліскучы спецыяліст у IT-сферы Канстанцін Шульган. Міністэрства эканомікі ўзначаліць Дзмітрый Крутой (раней першы намеснік міністра). Аб'яўляючы аб прызначэннях, Прэзідэнт Беларусі асабліва падкрэсліў, што галоўнымі крытэрыямі пры прыняцці кадравых рашэнняў былі адказнасць і дысцыпліна кандыдатаў, безумоўны прафесіяналізм і вопыт працы, дакладнае прытрымліванне прынятага народам курсу развіцця краіны.

Рашэнне аб такім кардынальным абнаўленні складу ўрада Кіраўнік дзяржавы назваў узважаным, глыбокім і не спантаным. Гучная аршанская інспекцыя, што ўскрыла цяганіну і невыканальнасць, стала толькі апошняй кропляй у лёсе ўжо мінулага складу ўрада. Прэзідэнт падкрэсліў, што значна больш важкай прычынай адставак паслужыла сістэматычнае ігнараванне рашэнняў Прэзідэнта, спроба адкарэкціраваць і дэвальваваць ключавыя эканамічныя і сацыяльныя праграмы і праекты. У прыватнасці, у пытаннях павышэння ўзроўню сярэдніх зарплат, правядзення мадэрнізацыі і нават у перамовах з міжнароднымі фінансавымі арганізацыямі. Лідар падкрэсліў: згуртаванасць, дысцыпліна і парадак у сістэме прыняцця рашэнняў - гэта фактар незалежнасці нашай краіны.

Кіраўнік дзяржавы не толькі падрабязна абгрунтаваў ключавыя прэтэнзіі да мінулага складу Савета Міністраў, сярод якіх і хаатычныя рашэнні, і дэвальвацыя стратэгіі развіцця Беларусі, і абуральныя факты карупцыі, Прэзідэнт таксама, як і абяцаў напярэдадні, грунтоўна адказаў на галоўныя крытычныя заўвагі ў беларускай і замежнай прэсе і на прасторах Сеткі інтэрнэт, выкліканыя рэзананснай аршанскай інспекцыяй і апошнімі рашэннямі. У прыватнасці, лідар катэгарычна адхіліў уяўныя сувязі кадравых прызначэнняў з выбарамі (да іх яшчэ два гады). Сістэма ўлады ў Беларусі ўстойлівая, і ўсе стратэгічныя рашэнні на 5 гадоў прынятыя. Таксама, на думку Прэзідэнта, сапраўды, паказухай і папулізмам стаў бы кастынг членаў урада. Прызначэнні зыходзяць з прафесіяналізму і вопыту працы кандыдатаў. Пры гэтым у абнаўленні складу ўрада, на думку Прэзідэнта, абсурдна шукаць замежны падтэкст. Адносіны з саюзнікамі і партнёрамі наладжаны і не залежаць ад персаналій. А Беларусь як незалежная дзяржава будзе самастойна вызначаць асновы ўнутранай і знешняй палітыкі. "Нічыімі васаламі мы не будзем", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ацэньваць новы склад урада будуць па галоўным крытэрыі. Ім стане рост дабрабыту людзей. Гэта прэсе заявіў толькі што прызначаны Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас. Усе даручэнні і акцэнты, якія сёння абазначыў Прэзідэнт, абноўленым урадам ужо прынятыя да выканання.

Усе падрабязнасці кадравых змяненняў глядзіце сёння ў "Панараме".