Прэзідэнт Беларусі пракаменціраваў выдумкі прэсы аб адносінах Мінска і Масквы

20 апреля 2017

"Кідаюць лыжку дзёгцю ў бочку мёда". Так сёння Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў некаторыя выдумкі ў расійскіх СМІ, што датычацца адносін з Беларуссю.

Гэтыя словы прагучалі на перамовах з губернатарам Ніжагародскай вобласці Валерыем Шанцавым. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што расійскія СМІ перыядычна крытыкуюць двухбаковыя адносіны, хаця дэлегацыі Масквы і рэгіёнаў частыя госці ў беларускай сталіцы. Валерый Шанцаў у Мінску ўжо шосты раз. Беларусь і Ніжагародская вобласць - даўнія і надзейныя партнёры. Летась тавараабарот перавысіў паўмільярда долараў. Гэта 7-працэнтны рост. Сёння на сустрэчы ў Палацы Незалежнасці размова ішла наконт новай планкі ў мільярд. Тым больш пачынаць з нуля не прыходзіцца – створана салідная база для вытворчай кааперацыі. На тэрыторыі Ніжагародскай вобласці наладжана зборка беларускіх ліфтаў, адкрыты гандлёвы дом Белшыны, працуюць дылеры МТЗ, МАЗа, Гомсельмаша, "Амкадора".

Сумненні асобных скептыкаў прэзідэнты Беларусі і Расіі развеялі некалькі тыдняў таму падчас асабістай сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу. Амаль 6 гадзін перамоў. Насычаны парадак дня сустрэчы. Па выніках перамоў абодва лідары пацвердзілі: на двухбаковым трэку ўсё ў парадку. У адносінах краін не засталося нявырашаных пытанняў. Тым не менш, у расійскіх СМІ перыядычна ўзнікаюць рознага роду здагадкі. Не рэагаваць не ў стылі нашага прэзідэнта.

Візіт дэлегацыі Ніжагародскай вобласці двухдзённы. Напярэдадні перамоў госці ўсклалі вянок да абеліска Перамогі ў цэнтры беларускай сталіцы.

Сёння пройдзе пасяджэнне савета дзелавога супрацоўніцтва. Мінск і Ніжні Ноўгарад абмяркуюць новыя праекты ў энергетыцы, АПК і прамысловай кааперацыі. Перамовы пройдуць і ва ўрадзе. Вобласць зацікаўлена ў набыцці экалагічнага транспарту. Беларускую навінку - электробус - гасцям прэзентуе Белкамунмаш.