Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета

29 мая 2019

Сёння ў сталіцы Казахстана Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

У юбілейным саміце ўдзельнічала не толькі "пяцёрка" аб'яднання, але і першы Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў. Зараз ён ганаровы старшыня ЕАЭС. Прысутнічалі і лідар Малдовы як краіны - назіральніка і ганаровы госць - кіраўнік Таджыкістана. Эксперты называюць Душанбэ галоўным прэтэндэнтам на далучэнне да саюза. Наогул цікавасць да аб'яднання праяўляюць 40 дзяржаў. Зараз вядуць перамовы па розных пытаннях супрацоўніцтва з ЕАЭС Сінгапур, Егіпет і Сербія. Удзельнікі саміту сёння абмеркавалі новыя падыходы да эканамічнага парадку дня аб'яднання. Кожны прапанаваў сваё бачанне ў пытаннях гандлю, фарміравання агульнага і празрыстага рынку энергарэсурсаў, лічбавізацыі эканомік краін-удзельніц. Выступленне беларускага лідара было максімальна канкрэтным. На сустрэчах у фармаце ЕАЭС Аляксандр Лукашэнка пастаянна абазначае (калі яны ёсць) праблемныя моманты. Афіцыйны Мінск на кожны саміт прыязджае з дакладнымі мэтамі і ініцыятывамі. Аляксандр Лукашэнка агучыў галоўныя задачы на гэтым этапе для развіцця саюза.

У тым ліку Аляксандр Лукашэнка прапанаваў, каб першы Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў на пасадзе ганаровага старшыні ЕАЭС заняўся рэвізіяй усяго, што ўжо зроблена ў саюзе і яшчэ толькі трэба будзе зрабіць - ад кадравых пытанняў да стратэгічных напрамкаў дзейнасці. Па выніках юбілейнага саміту кіраўнікі дзяржаў падпісалі шэраг міжнародных дакументаў, у тым ліку аб стварэнні агульнага энергетычнага рынку. Ён дазволіць устанавіць празрыстыя рыначныя цэны на электраэнергію для спажыўцоў. Зацвердзілі і асноўныя арыенціры макраэканамічнай стратэгіі на гэты і наступны гады. Пытанне, якое з парадку дня пакуль усё ж адправілі на дапрацоўку, - гэта размеркаванне ўвазных мытных  пошлін.

Саміт -  гэта добрая пляцоўка для двухбаковых перамоў. Напярэдадні ў Прэзідэнта Беларусі адбыліся сустрэчы з цяперашнім і ранейшым кіраўніцтвам Казахстана, а сёння ў кулуарах саміту Аляксандр Лукашэнка правёў кароткія перамовы з лідарамі Арменіі, Малдовы і Расіі. З Уладзімірам Пуціным беларускі лідар абмеркаваў пытанні паглыблення двухбаковай інтэграцыі. Раней бакі абмяняліся адпаведнымі прапановамі. Сёння Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін разгледзелі гэтыя пытанні ў першым набліжэнні і далі даручэнне ўрадам да 21 чэрвеня знайсці па ўсіх з іх пункты судакранання. Пасля гэтага прэзідэнты дамовіліся правесці сустрэчу на вышэйшым узроўні для грунтоўнага і падрабязнага абмеркавання ўсіх расійска-беларускіх пытанняў і далейшага сістэмнага ўзаемадзеяння.