Прэзідэнт Беларусі прыняў з дакладам кіраўніка Следчага камітэта

18 декабря 2017

Па выніках года Кіраўнік дзяржавы плануе заслухаць справаздачы аб выніках працы ўсіх сілавых структур.

І сёння пачалі са Следчага камітэта. Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам кіраўніка ведамства Івана Наскевіча. У першую чаргу Прэзідэнта цікавіла дзейнасць маладой структуры. Нагадаем, Следчы камітэт створаны ў верасні 2011 года. Размова ішла і пра расследаванне крымінальных спраў, якія на кантролі ў Кіраўніка дзяржавы і атрымалі найбольшы грамадскі рэзананс.

Злачынстваў, што ўчыняюцца ў краіне, становіцца менш, таму скарачаецца і колькасць заяў, што разглядаюцца камітэтам. Разам з тым расце раскрывальнасць. Зараз гэты паказчык дасягнуў 71 %. Амаль на 15 % павялічыўся і ўзровень пакрыцця ўрону. Гэта значыць, страты, панесеныя ў выніку злачынстваў, сталі пакрываць больш актыўна.

Прэзідэнт цікавіўся і тым, як праходзіць аптымізацыя Следчага камітэта. За год яго колькасць скарацілася на 375 чалавек. Каля паўтысячы супрацоўнікаў пяройдуць у ранг грамадзянскага персаналу. Абмеркавалі ўмацаванне супрацоўніцтва і вывучэнне вопыту следчых камітэтаў іншых краін - гэта было даручэннем Прэзідэнта. За гэты год беларускае ведамства правяло шэраг сустрэч і перамоў з калегамі з Расіі, Арменіі, Казахстана, Узбекістана. Устаноўлены рабочыя кантакты з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі.